Рус Бел Eng 中文

Магілёўская вобласць 24 верасня далучыцца да рэспубліканскай акцыі «Моладзь за бяспеку»

Магілёўская вобласць 24 верасня далучыцца да рэспубліканскай акцыі «Моладзь за бяспеку». Праект, прымеркаваны да Дня абвяшчэння Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, будзе доўжыцца па 12 кастрычніка. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміла старшы інспектар Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

Акцыя ў рэгіёне прадугледжвае тры этапы: шэфскі, забаўляльна-навучальны і іміджавы.

З 24 верасня па 2 кастрычніка з дабрачынна-шэфскай місіяй ратавальнікі і актывісты БМГАВП адправяцца да тых, хто сапраўды мае патрэбу ў дапамозе: у шматдзетныя сем’і, да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, адзінокіх пенсіянераў і інвалідаў. Фронт працы значны: устаноўка аўтаматычных пажарных апавяшчальнікаў, нарыхтоўка дроў, уборка тэрыторыі і іншыя работы, якія пад сілу юным выратавальнікам.

З 3 па 10 кастрычніка ў агульнаадукацыйных установах, сацыяльных прытулках, дамах-інтэрнатах правядуць мерапрыемства пад назвай «Дзень нараджэння БМГАВП! Святкуем разам!». У праграме – прэзентацыі арганізацыі і часопіса «Юны ратавальнік», урачыстае ўручэнне членскіх білетаў, выступленні агітбрыгады, конкурсы, творчыя нумары, дэманстрацыя тэматычных відэафільмаў.

11-12 кастрычніка на адкрытых пляцоўках, у месцах масавага знаходжання людзей (цэнтрах дзіцячай творчасці, Палацах моладзі, кінатэатрах, актавых залах, ДК, парках і г.д.) будуць арганізаваны канцэрты, якія ўключаюць творчыя нумары актывістаў БМГАВП, славуты і ўсімі любімы КВЗ , віктарыны, латарэі і інш.

Асаблівая фішка цяперашняй акцыі – «Восеньскі баль юных ратавальнікаў». На свяце, акрамя вальсавання і танцавальна-конкурснай праграмы, будуць і ўрачыстыя моманты: узнагароджанне актывістаў БМГАВП, прадстаўнікоў сферы адукацыі, прысвячэнне юных ратавальнікаў у рады БМГАВП і ўручэнне ім членскіх білетаў.

Летапіс руху юных пажарных вядзецца з 30-х гадоў мінулага стагоддзя, а арганізацыйнае аб’яднанне паміж ужо існуючымі клубамі юных ратавальнікаў-пажарных як грамадскай структуры адбылося 14 кастрычніка 2001 года, калі і была створана Беларуская маладзёжная грамадская арганізацыя выратавальнікаў-пажарных. Магілёўскае абласное аддзяленне БМГАВП было створана 12 лістапада 2002 года. Сёння колькасць арганізацыі ў Магілёўскай вобласці – больш за 24 тыс. юнакоў і дзяўчат.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая