Рус Бел Eng 中文

Магілёўскі абласны драматычны тэатр у маі адзначыць 130-гадовы юбілей

Магілёўскі абласны драматычны тэатр 15-18 мая адзначыць 130-гадовы юбілей. Аб гэтым карэспандэнту сайта паведамілі ва ўстанове культуры.

Па словах суразмоўцаў, да падрыхтоўкі святочнага тыдня работнікі тэатра падышлі з усёй адказнасцю і шырокім творчым размахам. Арганізатары святочнага мерапрыемства абяцаюць гледачам шмат цікавага.

«Усе карты адразу раскрываць не будзем, каб зрабіць сюрпрыз прыхільнікам тэатра. Аднак заслону таямніцы крыху прыадкрыем, – адзначылі суразмоўцы. – Да ўрачыстасці рыхтуем спектакль на беларускай мове «Таямніца старой ратушы» і юбілейны вечар «Тэатр – жыццё! Жыццё – тэатр!». Апошні адбудзецца 18 мая ў 18.00. У ім прымуць удзел артысты тэатра і гурт «Jazz City Band».

Білеты на названыя мерапрыемствы ўжо можна набыць у касах драмтэатра.

Магілёўскі абласны драматычны тэатр пабудаваны па праекце маладога архітэктара Пятра Камбурава ў 1888 годзе і з’яўляецца адзіным у Беларусі тэатральным будынкам ХІХ стагоддзя, які захаваўся нязменным да нашых дзён. За доўгія гады ў тэатры давалі прадстаўленні рускія трупы Пецярбургскага літаратурна-мастацкага тэатра, Малога тэатра, кабарэ «Лятучая мыш», розныя польскія трупы. Тут выступалі вядомыя акцёры Вера Камісаржэўская, Павел Арленеў, спевакі Фёдар Шаляпін і Леанід Собінаў. У зале рэгулярна ладзіліся прагляды ваеннай кінахронікі для імператара Мікалая ІІ.

У 1930-я гады і ў першы пасляваенны год у будынку тэатра працаваў Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР. У 1954 годзе ў Магілёве стаў дзейнічаць абласны драматычны тэатр. З 2006 года на базе тэатра праводзіцца міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.@art.Кантакт», які стаў важнай падзеяй у культурным жыцці ўсёй Беларусі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая