Рус Бел Eng 中文

Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў падпісаў пагадненні аб супрацоўніцтве з заканадаўчымі органамі дзяржаўнай улады суб’ектаў Расійскай Федэрацыі

Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў падпісаў пагадненні аб супрацоўніцтве з заканадаўчымі (прадстаўнічымі) органамі дзяржаўнай улады суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. Зацвярджэнне дакументаў адбылося сёння ў межах V Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт сайта.

Так, пагадненні аб супрацоўніцтве і развіцці ўзаемаадносін аблсавет заключыў з Самарскай губернскай думай і Смаленскай абласной думай. Пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве падпісана з Калінінградскай абласной Думай.

У расійскіх рэгіёнаў і раёнаў Магілёўскай вобласці ўжо маецца станоўчы вопыт партнёрскіх узаемаадносін у сацыяльнай сферы, галіне эканомікі і культуры. У той жа час міжпарламенцкае супрацоўніцтва толькі пачынае наладжвацца. Падпісанне двухбаковых пагадненняў стане адпраўным пунктам у гэтай патрэбнай справе, а наступны абмен вопытам пасадзейнічае развіццю рэгіёнаў дзвюх краін, упэўнены старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык.

Ён падкрэсліў важнасць напаўнення зацверджаных дакументаў канкрэтнымі мерапрыемствамі. “Рэальныя дзеянні і крокі па збліжэнні выступяць асновай далейшай сумеснай дзейнасці на карысць росквіту нашых дзяржаў», – сказаў Дзмітрый Харытончык.

Умацаванне кантактаў з Беларуссю з’яўляецца важным складнікам працы заканадаўчых органаў дзяржаўнай улады суб’ектаў Расійскай Федэрацыі, адзначыла старшыня Калінінградскай абласной думы Марына Аргеева. Наладжванне сувязяў паміж прадстаўнікамі народа стане дадатковай прыступкай у пабудове стабільных і ўзаемавыгадных адносін дзвюх краін.

«Беларусь – добрая зямля з адкрытым сэрцам, – дадала часовы выканальнік абавязкаў старшыні Самарскай губернскай Думы Кацярына Кузьмічова. – Таму для нас важна, каб пагадненні не сталі пустымі словамі на паперы. Мы зробім усё неабходнае, каб напоўніць іх фактычным зместам, будзем працаваць разам і вынікова для нашых людзей».  

Пра важнасць наладжвання ўзаемаадносін і сяброўства паміж моладдзю Беларусі і Расіі нагадаў старшыня Смаленскай абласной Думы Ігар Ляхаў. «Маладым у будучыні трэба будзе развіваць Саюзную дзяржаву, – падкрэсліў ён. – Таму так важна перадаць ім наш вопыт».

На працягу дня Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў мае намер падпісаць яшчэ некалькі дакументаў. Плануецца зацвердзіць пагадненні аб супрацоўніцтве і развіцці ўзаемаадносін з заканадаўчымі сходамі Краснадарскага краю, Калужскай вобласці і інш.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая