Рус Бел Eng 中文

Магілёўскі фестываль аматарскіх кароткаметражных фільмаў «Словы»: работы на конкурс прымаюцца да 10 жніўня

Да 10 жніўня можна даслаць працы на конкурс магілёўскага фестывалю аматарскіх кароткаметражных фільмаў «Словы». Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміў кіраўнік Цэнтра гарадскіх ініцыятыў Юрый Стукалаў.

Для ўдзелу ў творчым спаборніцтве трэба стварыць з дапамогай любой наяўнай тэхнікі кароткае відэа (да пяці хвілін), загрузіць яго на Youtube, даслаць спасылку і кароткую інфармацыю пра фільм і сябе на адрас cgimogilev@gmail.com.

«У мінулым сезоне ў лік фіналістаў трапілі вельмі розныя па жанрах працы. Сярод іх артхаўсныя кароткаметражкі, анімацыя, дакументальныя сюжэты пра гісторыю горада, свайго роду паэтычны кліп, - адзначыў Юрый Стукалаў. - Пры гэтым усе яны ўдзельнічалі ў конкурсе на роўных, што дадало цяжкасці ў працы членам журы, але ў той жа час было вельмі цікава. Спадзяемся, і ў гэты раз нашы аўтары пацешаць займальнымі сюжэтамі, незвычайнымі хадамі і рашэннямі».

Фінальны прагляд лепшых работ і цырымонію ўзнагароджання іх аўтараў плануецца правесці, як і ў мінулым годзе, у фармаце «кінатэатра пад адкрытым небам». Галоўны пераможца таксама атрымае сучасную экшн-камеру для працягу творчых эксперыментаў.

Даведацца падрабязнасці аб праекце і сачыць за яго ходам можна на сайце slovy.urbanistic.by. Творчыя або тэхнічныя пытанні прымаюцца па адрасе cgimogilev@gmail.com.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая