Самалёт ТУ-134 сёння раніцай павезлі з пляцоўкі парка атракцыёнаў Магілёва ў Новае Пашкава. Цяпер ён стане экспанатам музея пад адкрытым небам у Магілёўскім аэраклубе ДТСААФ імя А. М. Кулагіна, паведаміў начальнік аэраклуба Іван Касім.
Гэты самалёт 36 гадоў таму быў перададзены Магілёву. Прычым лайнер даляцеў у горад сваім ходам. З 1985 года паветранае судна прастаяла ў гарадскім парку атракцыёнаў. У ім размяшчаўся кінатэатр, кафэ, а ў апошні час цір. Папулярнасці гэта яму не набыло і, па сутнасці, ён не быў запатрабаваны. «А паколькі з 2015 года мы пачалі ствараць у аэраклубе музей авіяцыйнай тэхнікі, то і ўзнікла ідэя перабазаваць да сабе і гэта судна. Мы паспрабуем аднавіць яго ў першапачатковым выглядзе і выкарыстоўваць як музейны экспанат, праводзіць экскурсіі для дзетвары і ўсіх жадаючых. Бо гэта адна з першых мадэляў самага масавага савецкага рэактыўнага пасажырскага авіялайнера, які перажыў з 1968 года (першы палёт) мноства мадэрнізацый», – заўважыў Іван Касім.
Паводле яго слоў, буксіроўка самалёта прайшла ў штатным рэжыме, на гэта хапіла крыху больш за дзве гадзіны. Садзеянне аказалі дарожна-маставое прадпрыемства, Дзяржаўтаінспекцыя і прадпрыемства «Гарэлектратранспарт». Затое падрыхтоўка заняла больш за тыдзень. Расстыкаваць ТУ-134, які без руху прастаяў тры дзесяцігоддзі, дапамагла спецыяльна запрошаная брыгада Мінскага завода грамадзянскай авіяцыі №407.
На пляцоўцы музея тэхнікі пад адкрытым небам ужо пачата зборка борта з удзелам мінчукоў. Яе плануюць завяршыць да канца бягучага дня. А вось каб аднавіць і прывесці ў парадак лайнер, спатрэбіцца намнога больш часу. «Мы будзем старацца гэта зрабіць да пачатку новага навучальнага года, каб пачаць праводзіць экскурсіі для навучэнцаў горада. Нам ужо ёсць што паказаць дзецям – у музеі сабрана 8 адзінак авіяцыйнай тэхнікі, сярод якой СУ-27, МІГ-29, АН-2, ЯК-55 і іншыя», – сказаў Іван Касім.
Тэкст - БЕЛТА
Відэа - ТРК "Магілёў"
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59