Рус Бел Eng 中文

Магілёўскі тэатр лялек рыхтуе прэм’еру спектакля для дарослых па Вальтэру

Магілёўскі абласны тэатр лялек рыхтуе прэм’еру для дарослых па творы Вальтэра «Кандыд, або аптымізм», паведаміў дырэктар установы культуры Уладзімір Андрэенка.

Новая пастаноўка па самай лепшай філасофскай аповесці Вальтэра задумана як грандыёзны спектакль для дарослых. «Бо многае апісанае філосафам больш за 250 гадоў таму добра адлюстроўвае тое, што адбываецца сёння ў сучасным свеце. Таму і ўзнікла жаданне паставіць на сцэне такі спектакль пад назвай «Кандыд, або аптымізм», – адзначыў дырэктар тэатра.

У вясёлым жартаўлівым тоне Вальтэр распавядае былі і небыліцы, як бы жадаючы пацешыць чытача. Але гэта назнарок. На самай справе ён менш за ўсё думаў пра забаўляльнасць свайго апавядання. Яму важна было давесці да чытача ідэі, а яны мелі непасрэднае дачыненне да сацыяльных, палітычных і філасофскіх праблем стагоддзя. «Таму праз прызму філасофіі Вальтэра, ягоны гумар і сарказм новы спектакль – гэта роздум пра свет, у якім яшчэ нямала забабонаў, гвалту, прыгнёту і глупства», – адзначыў Уладзімір Андрэенка.

«Гэта будзе гісторыя пра ўсё чалавецтва, да якой сур’ёзна ставіцца не варта, – заўважыў рэжысёр спектакля Ігар Казакоў. – Добра, што гэты твор ставіцца ў тэатры лялек. Мы будзем выкарыстоўваць розныя «мовы», розныя матэрыялы, розныя пластычныя рашэнні, тэатральныя прыёмы. Галоўныя героі – Кандыд і Кунігунда – сімвалізуюць Адама і Еву, іх выгнанне з раю. Лялькі паказваюць унутраныя супярэчнасці».

Незвычайнай будзе і сцэнаграфія ў выглядзе ўмоўнай тэатральнай рамы-галеры, на якой усе падарожнічаюць. Гэта і звод палаца з прыступкамі, і лобнае месца, і месца для тэатральнага партрэта. Зараз рэпетыцыі спектакля ўвайшлі ў асноўную фазу і праводзяцца практычна штодня. А першы паказ пастаноўкі запланаваны ў лістападзе бягучага года.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая