Рус Бел Eng 中文

Месячнік «Чалавек з белым кіем» стартаваў у Магілёўскай вобласці

Штогадовы месячнік «Чалавек з белым кіем» стартаваў у Магілёўскай вобласці і прадоўжыцца па 13 лістапада. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў Галоўным упраўленні ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама.

Праграмай месячніка прадугледжваецца правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на прыцягненне ўвагі да праблем невідушчых і слабавідушчых людзей, стварэнне камфортных умоў жыцця і безбар’ернага асяроддзя ў знешнім свеце.

Сярод запланаваных мерапрыемстваў: акцыі, семінары-трэнінгі, спартыўныя турніры, канцэртныя праграмы, дэманстрацыя тэматычных ролікаў і фільмаў з аўдыёдэскрыпцыяй, тлумачальныя гутаркі, праверкі аб’ектаў, абсталяваных безбар’ерным доступам, і інш.

Актыўна да месячніка падключыўся цэнтр сацабслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Магілёва, які сумесна з гарадской арганізацыяй ГА «БелТІЗ» і Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам імя А. А. Куляшова запланаваў правесці шэраг тэматычных мерапрыемстваў. Напрыклад, адбудзецца конкурс «Роўны паядынак» з удзелам інвалідаў па зроку, людзей сталага ўзросту і студэнтаў ВНУ. Таксама спецыялісты маюць намер праверыць працу гукавых святлафораў, арганізаваць практычныя заняткі для сацыяльных работнікаў і навучэнцаў МДУ імя А. А. Куляшова, падрыхтаваць творчы вечар народнага харавога калектыву інвалідаў па зроку «Гасцінец» і інш.

Акрамя таго, інвалідаў па зроку запрашаюць наведаць пакой рэабілітацыі (Магілёў, вул. Раманава, 1, кабінет №6, тэл. (80222) 40-23-88). Асноўнымі напрамкамі яго працы з’яўляюцца: сацыяльная элементарная рэабілітацыя, арыенціроўка ў адкрытай і замкнёнай прасторы, удасканаленне прафесійных навыкаў (навучанне карыстанню камп’ютарам, тэлефонам) і інш.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая