Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч сёння сустрэўся з выкладчыкамі і студэнтамі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. Дыялог прайшоў у межах Адзінага дня інфармавання.

У аўдыторыі было нямала пытанняў да госця, у тым ліку пра перспектывы развіцця сродкаў масавай інфармацыі.

«Інтэрнэт-выданні карыстаюцца ў свеце ўсё большай папулярнасцю, але ў друкаваных СМІ ёсць свае чытачы, і іх нямала, – падкрэсліў міністр інфармацыі. – Пры гэтым шматлікія друкаваныя СМІ паспяхова сумяшчаюць сваю працу і ў сацсетках».

На думку Аляксандра Карлюкевіча, будучыня ёсць перш за ўсё ў тых друкаваных выданняў, дзе будзе больш аналітыкі, цікавых творчых матэрыялаў, ацэнак аўтарытэтных экспертаў. Напрыклад, цяпер вялікай папулярнасцю карыстаюцца штотыднёвікі, якія даюць аб’ектыўную ацэнку сітуацыі ў краіне і свеце.

Госць прызнаўся, што яго любімым выданнем па-ранейшаму застаецца газета «Звязда», дзе ён доўга працаваў. Акрамя таго, ён увесь час чытае «СБ. Беларусь сегодня», расійскую «Литературную газету» і іншыя выданні.

Таксама Аляксандр Карлюкевіч дадаў, што на беларускіх тэлеканалах павінна быць больш праграм айчыннай вытворчасці.

«Мы ўвялі паняцце нацыянальнага тэлевізійнага прадукту. На тэлебачанні ён павінен прысутнічаць у пэўнай прапорцыі. Рух у гэтым напрамку будзе паступальным. Мяркуецца, што на першым этапе, ці праз два гады з моманту прыняцця змяненняў у закон аб СМІ, на тэлеканалах павінна быць не менш за 30% айчынных праграм», – сказаў міністр інфармацыі.


«Выпрацоўваючы дадзеную пазіцыю, мы арыентаваліся на фарміраванне айчыннага медыярынку. Наша тэлебачанне павінна быць больш цікавым і развівацца на самых лепшых сусветных прыкладах», – падкрэсліў Аляксандр Карлюкевіч.

Фота - уласныя
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59