Рус Бел Eng 中文

Мясцовыя жыхары прапануюць адкрыць у Бабруйску вышэйшую навучальную ўстанову

Мясцовыя жыхары прапануюць адкрыць у Бабруйску вышэйшую навучальную ўстанову. Па падтрымку ад выбаршчыкаў Бабруйскага раёна да намесніка старшыні Савета Рэспублікі Марыяны Шчоткінай сёння падчас выязнога прыёму ў Бабруйску звярнуўся дэпутат мясцовага райсавета Дзяніс Прышчэпа.

Паводле слоў дэпутата, пасля закрыцця ў 2017 годзе ў Бабруйску філіяла Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта (працаваў у горадзе 20 гадоў) жыхары раёна неаднаразова звярталіся да яго з просьбай аб стварэнні ў горадзе вышэйшай навучальнай установы або рэанімацыі філіяла БДЭУ. «На думку мясцовых жыхароў, такі буйны прамысловы і культурны цэнтр, як Бабруйск, павінен мець свой сучасны адукацыйны цэнтр, дзе моладзь магла б атрымліваць дастойную адукацыю. Гэта б прыпыніла адток таленавітых, адораных дзяцей з горада і раёна, да таго ж не ўсе бацькі здольныя сёння аплаціць вучобу і ўтрыманне дзяцей у іншым горадзе, а тым больш у Мінску», – выказаў меркаванне выбаршчыкаў Дзяніс Прышчэпа.

На думку Марыяны Шчоткінай, закрыццё ў Бабруйску філіяла БДЭУ яшчэ не значыць, што бабруйчане пазбавіліся магчымасці атрымліваць адукацыю ў вышэйшых навучальных установах. «Не зусім правільна падымаць пытанне, калі яно ўжо вырашана, прычым вырашана абгрунтавана, – заўважыла сенатар, – бо 95% студэнтаў філіяла выказаліся за тое, каб вучыцца ў сталіцы, і туды пераехалі, ды і ўзровень выкладання ў Бабруйску пакідаў жадаць лепшага, паколькі тут адчуваўся недахоп кваліфікаваных выкладчыцкіх кадраў. Вядома, Бабруйску было б добра мець вышэйшую навучальную ўстанову, але тут трэба знайсці сваю нішу».

У горадзе шмат горадаўтваральных прадпрыемстваў рэспубліканскага значэння, якім патрэбны высокакваліфікаваныя спецыялісты, і іх можна было б рыхтаваць на месцы. «Таму мы дамовіліся, што мясцовыя ўлады збяруць зацікаўленых, выпрацуюць прапановы, якім чынам яны гэта бачаць. Перш за ўсё, у горадзе павінен быць моцны прафесарска-выкладчыцкі склад, таму трэба стварыць умовы для таго, каб гэтыя людзі жылі і працавалі ў Бабруйску. Таксама трэба вызначыцца, у якім кірунку працаваць, каб забяспечыць патрэбы горада ў спецыялістах», – лічыць яна.

Па словах Марыяны Шчоткінай, калі на месцы сфарміруюць пакет абгрунтаваных прапаноў аб неабходнасці стварэння ВНУ, тады гэта пытанне можна будзе разгледзець ва ўрадзе. «Чым большым і разнастайнейшым будзе рынак адукацыйных паслуг (падкрэслю: якасных), тым цікавей людзям, тым цікавей і краіне. Таму што Беларусь – адкрытая дзяржава, калі ў Бабруйску будзе філіял або паўнавартасны ВНУ, то не толькі беларусы змогуць тут вучыцца, але, магчыма, і студэнты з іншых краін. Трэба гэтым займацца і працаваць у гэтым напрамку. Усё ў канчатковым выніку будзе залежаць ад саміх бабруйчан», – сказала сенатар.

Сёння падчас прыёму было зададзена шмат пытанняў як прыватнага, так і грамадскага значэння. Яны тычыліся працаўладкавання, назначэння пенсiй, рамонту жылля і нават унясення змяненняў у заканадаўства. «Прыемна, што людзі займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, шмат чытаюць, цікавяцца жыццём краіны і працай парламента. Важна і тое, што калі праводзіш такія прыёмы, то чуеш меркаванне з боку пра горад, пра працу мясцовых органаў улады і службаў, у тым ліку і крытычныя заўвагі. Сёння яны таксама прагучалі падчас прыёму, мы з імі разабраліся і вырашылі, як палепшыць працу па цэлым шэрагу кірункаў», – рэзюмавала Марыяна Шчоткіна.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая