RU BY EN 中文
Twitter Instagram

На 79-м годзе пайшоў з жыцця Георгій Мікалаевіч Маліноўскі

5 сакавіка 2021 года Магілёўшчына панесла цяжкую і незаменную страту. На 79-м годзе пайшоў з жыцця выдатны чалавек, прафесіянал сваёй справы, шчыры патрыёт Беларусі, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Георгій Мікалаевіч Маліноўскі.

Увесь жыццёвы шлях Георгія Мікалаевіча – годны прыклад выканання грамадзянскага абавязку, прадыктаванага шчырай захопленасцю сваёй справай і любоўю да роднай зямлі.

Нарадзіўся Георгій Мікалаевіч 9 снежня 1942 г. у вёсцы Брычаны Брычанскага раёна Малдаўскай ССР.

У 1969 г. скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці «Гісторыя і грамадазнаўства».

З 1987 г. працаваў на пасадзе дырэктара ўстановы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга прафесійны агралесатэхнічны каледж імя К. П. Арлоўскага».

Дзякуючы намаганням і таленту Георгія Мікалаевіча сёння каледж не проста навучальная ўстанова, а вядомы далёка за межамі Беларусі цэнтр падрыхтоўкі высакакласных спецыялістаў, маладых гаспадароў зямлі, якія атрымалі прафесійнае майстэрства, грамадзянскую сталасць, гатовых беззапаветна служыць сваёй радзіме.

Георгій Мікалаевіч заўсёды імкнуўся прывіць сваім вучням, жыхарам вобласці пачуццё любові і гонару за родную зямлю, смела рэалізоўваў амбіцыйныя праекты, якія назаўжды ўвойдуць у залаты фонд Прыдняпроўскага краю. Магілёўскі заасад, музейна-гістарычная экспазіцыя пад адкрытым небам, прысвечаная вызваленню Магілёва і вёскі Буйнічы –вось толькі тыя нешматлікія знакавыя праекты, якія знаёмыя кожнаму магілёўцу і шматлікім гасцям нашай краіны.

Пры любых абставінах, у любой сітуацыі ён заўсёды заставаўся прыкладам высокага прафесіяналізму і адказнасці. Дзякуючы ўважліваму стаўленню да людзей, бясконцай душэўнай шчодрасці, Георгій Мікалаевіч карыстаўся заслужаным аўтарытэтам і павагай ва ўсіх, хто яго ведаў.

За высокае прафесійнае майстэрства, актыўную і плённую працу ў галіне прафесійна-тэхнічнай адукацыі, грамадскага жыцця Г. М. Маліноўскі ўзнагароджаны ордэнам «Пашаны», медалём «За працоўныя заслугі», нагрудным знакам «За заслугі ў развіцці прафтэхадукацыі», Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, мае ганаровае званне «Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». Па выніках працы Магілёўскай вобласці ў 2002 годзе прысвоена ганаровае званне «Чалавек года», па выніках 2009 года ўнесены ў Кнігу славы Магілёўшчыны. У 2013 годзе за шматгадовую плённую працу ў сістэме адукацыі, значныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці аб’яўлена Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У тым жа 2013 годзе рашэннем Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Магілёва».

Цяжка гаварыць пра Георгія Мікалаевіча ў прошлым часе –настолькі ён любіў жыццё ва ўсіх яго праявах. Ён быў чалавекам выключнай прыстойнасці, сумленнасці, поўным стваральных сіл і энергіі.

Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, абласны Савет дэпутатаў глыбока смуткуюць у сувязі з заўчаснай смерцю Маліноўскага Георгія Мікалаевіча, і выказваюць шчырыя спачуванні сям’і, родным і блізкім. Усе, хто працаваў з Георгіем Мікалаевічам, усе, хто ведаў яго, надоўга захаваюць пра яго ў сваіх сэрцах добрую памяць.

Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая