Па выніках рэгістрацыі на адно дэпутацкае месца ў Магілёўскай вобласці прэтэндуюць 2 кандыдаты ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання. Гэта сведчыць аб высокай палітычнай актыўнасці жыхароў рэгіёна, паведаміў на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў мясцовых СМІ старшыня абласной выбарчай камісіі Валеры Берастаў.
Пры гэтым у абласны і гарадскія Саветы дэпутатаў колькасць кандыдатаў на адну выбарчую акругу складае 2,9 чалавека, у раённыя і сельскія – па 2. Безальтэрнатыўнымі ў Магілёўскай вобласці аказалася 7 акругаў.

У цэлым, па словах Валерыя Берастава, выбарчая кампанія ў рэгіёне праходзіць спакойна і актыўна, у адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам і зацверджаным Цэнтрвыбаркамам каляндарным планам. На 2556 дэпутацкіх мандатаў усіх узроўняў у вобласці было вылучана 5306 кандыдатаў. Пасля праверкі адпаведнасці парадку вылучэння кандыдатаў патрабаванням Выбарчага кодэкса і дакладнасці прадстаўленых у камісіі звестак зарэгістравана 5258. Свае заявы аб згодзе балатавацца адклікалі 7 кандыдатаў, 41 – атрымаў адмову ў рэгістрацыі (12 выказвалі жаданне прэтэндаваць на месца ў абласным Савеце дэпутатаў, 18 – гарадскім, 8 – раённых, 3 – у сельскіх Саветах дэпутатаў).
Сярод асноўных прычын адмаўлення – наяўнасць у падпісных лістах па вылучэнні кандыдата ў дэпутаты больш за 15% несапраўдных подпісаў ад агульнай колькасці правераных подпісаў выбаршчыкаў; прадстаўлення ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці не адпавядных рэчаіснасці звестак, якія маюць істотны характар; падача няпоўнага пакета патрэбных для рэгістрацыі дакументаў.
Валерый Берастаў падкрэсліў, што ў перыяд рэгістрацыі акруговыя і тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі рэгіёна правялі вялікую працу па праверцы прадстаўленых кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў 28-га склікання пакетаў дакументаў. Былі таксама актыўна задзейнічаны органы УУС, ДАІ, Дэпартамент па каштоўных паперах, падатковая служба і інш. «Усе яны давалі адказы на запыты выбарчых камісій своечасова і дакладна», – адзначыў старшыня абласной камісіі па выбарах.
Большасць прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат (каля 70%) вылучаліся шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў, 23,5% – працоўнымі калектывамі, дадаў Валерый Берастаў. За дэпутацкія мандаты таксама будуць змагацца 115 вылучэнцаў ад палітычных партый (2,2%), з іх па 40 чалавек ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі і Камуністычнай партыі Беларусі, 16 – прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, 11 – Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.

З ліку зарэгістраваных кандыдатаў амаль 54% складаюць жанчыны, каля 9% – моладзь ва ўзросце да 30 гадоў. 12 зарэгістраваных кандыдатаў – грамадзяне Расійскай Федэрацыі. Большасць прэтэндэнтаў на дэпутацкія месцы – прадстаўнікі сферы адукацыі, культуры, навукі і аховы здароўя (адна трэць). Работнікі сельскай гаспадаркі складаюць парадку адной чацвёртай, прамысловасці, транспарту і сувязі – 10%, гандлю і бытавога абслугоўвання – 6%, дзяржорганаў – 6%, непрацоўныя – 0,5%. Валерый Берастаў таксама адзначыў, што сярод зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты 92 чалавекі з’яўляюцца прадпрымальнікамі, прычым 44 з іх балатуюцца ў сельскія Саветы дэпутатаў, 25 – у раённыя. Цалкам магчыма, што гэтыя лічбы – станоўчы вынік дзеяння Указа Прэзідэнта Беларусі №235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласці», лічыць старшыня абласной камісіі па выбарах.
«Крыху больш за адну чацвёртую зарэгістраваных прэтэндэнтаў – дэпутаты дзейнага склікання, – адзначыў Валерый Берастаў. – Калі такая структура захаваецца і пасля выбараў, гэта будзе добрым пасылам да забеспячэння пераемнасці ў рабоце Саветаў».
Зараз у рэгіёне, як і па ўсёй краіне, праходзіць перыяд агітацыі, які будзе працягвацца па 17 лютага ўключна, нагадаў Валерый Берастаў. Кандыдаты маюць права выкарыстоўваць СМІ, друкаваць і распаўсюджваць матэрыялы, праводзіць масавыя мерапрыемствы ў паведамляльным парадку (сходы, мітынгі, пікетаванне), сустракацца з выбаршчыкамі. Дапамогу ў гэтым кандыдатам могуць аказваць іх давераныя асобы (да пяці ў кожнага).
За кошт бюджэтных сродкаў акруговымі і тэрытарыяльнымі выбаркамамі робяцца агульныя плакаты з біяграфічнымі дадзенымі кандыдатаў для размяшчэння на ўчастках для галасавання, падкрэсліў Валерый Берастаў. Таксама за кошт сродкаў бюджэту робяцца і накіроўваюцца ўсім выбаршчыкам інфармацыйныя матэрыялы пра прэтэндэнтаў на дэпутацкі пост. Можна на бязвыплатнай аснове карыстацца прадастаўленымі памяшканнямі для сустрэч з выбаршчыкамі. Акрамя таго, кандыдаты ў дэпутаты абласных, раённых, гарадскіх Саветаў маюць магчымасць бясплатна выступіць па дзяржаўным радыё. Час абмежаваны трыма хвілінамі.
Для самастойнага фінансавання дадатковых мерапрыемстваў па перадвыбарнай агітацыі дазваляецца ствараць уласныя выбарчыя фонды. Яны фарміруюцца ў наступных памерах: для кандыдатаў у дэпутаты абласнога – да 30 базавых велічынь; для кандыдатаў у дэпутаты iншых Саветаў – да 10 базавых велічынь.
У Магілёўскай вобласці па апошніх дадзеных выбарчымі камісіямі ўсіх узроўняў акрэдытаваны 734 назіральнікі за ходам выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28 склікання. Больш за 90% зарэгістраваных назіральнікаў – прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў. У прыватнасці, 400 чалавек дэлегаваны Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, па 100 – ГА «Белая Русь» і Беларускім грамадскім аб’яднаннем ветэранаў, 62 – Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, 8 – Беларускім Хельсінкскім камітэтам.
«Колькасць назіральнікаў, якія жадаюць атрымаць рэгістрацыю, з кожным днём павялічваецца, – падкрэсліў Валерый Берастаў. – Зыходзячы з вопыту правядзення папярэдніх выбарчых кампаній, гэты працэс будзе працягвацца да самай даты галасавання».

Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га склікання пройдуць у Беларусі 18 лютага. Галасаванне ў асноўны дзень будзе арганізавана з 8.00 да 20.00. Бюлетэнь выдаецца выбаршчыку, які ўваходзіць у спіс, пры прад’яўленні пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь або аднаго з дакументаў, выдадзеных упаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі краіны. Гэта ваенны білет (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), службовае пасведчанне работніка дзяржоргана, пасведчанне кіроўцы, пенсійнае пасведчанне або пасведчанне інваліда (пры наяўнасці ў іх фатаграфіі), студэнцкі білет, даведка органаў унутраных спраў (для грамадзян, якія страцілі пашпарт), від на жыхарства (для грамадзян Расіі, якія пастаянна пражываюць у Беларусі).
Калі выбаршчык па стане здароўя або іншых уважлівых прычынах не зможа ў дзень выбараў прыйсці на ўчастак, ён мае права пісьмова ці вусна звярнуцца ва ўчастковую камісію з просьбай арганізаваць галасаванне дома. Аддаць свой голас датэрмінова можна будзе з 13 па 17 лютага (з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00). Агітацыя ў перыяд датэрміновага галасавання дазваляецца, але ў асноўны дзень выбараў яна забаронена.
Усяго ў Магілёўскай вобласці плануецца абраць 55 дэпутатаў абласнога Савета дэпутатаў, 675 дэпутатаў раённых і 80 дэпутатаў гарадскіх саветаў, 1746 дэпутатаў Саветаў пярвічнага ўзроўню (сельскіх). Сфарміравана 176 тэрытарыяльных выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы, у тым ліку Магілёўская абласная камісія, 21 раённая, 2 гарадскія ў гарадах абласнога падпарадкавання, 152 сельскіх, 55 акруговых па выбарах у абласны Савет дэпутатаў. Таксама ўтворана 750 участкаў для галасавання. У санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, створана 35 участкаў.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59