Рус Бел Eng 中文

Найлепшых прадстаўніц жаночай грамадскасці Прыдняпроўскага краю ўшаноўвалі ў Магілёўскім аблвыканкаме

Урачысты прыём, прысвечаны Міжнароднаму жаночаму дню, адбыўся сёння ў Магілёўскім аблвыканкаме. Яго ўдзельніцамі сталі больш за 30 найлепшых прадстаўніц жаночай грамадскасці Прыдняпроўскага краю.

«Прынята лічыць, што мужчыны – самыя моцныя, але без жанчын гэта было б немагчыма. У дзяцінстве, юнацтве, дарослым жыцці вы для нас апора і падтрымка, – падкрэсліў, адкрываючы мерапрыемства, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі. – Як бы ні змянялася жыццё, у якіх бы сферах дзейнасці ні працавалі, вы заўсёды застаяцеся цудоўнымі і заслугоўваеце самых цёплых слоў»

Кіраўнік рэгіёна адзначыў, што прадстаўніцы прыгожага полу нароўні з мужчынамі сёння дасягаюць поспехаў у любой справе. Таму клопат пра жанчын – у ліку прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі. У краіне сістэмна рэалізуюцца меры па падтрымцы сем’яў, у тым ліку шматдзетных. Выплачваюцца разнастайныя дапамогі. З 1 студзеня 2015 года пры нараджэнні трэцяга дзіцяці ўведзены «сямейны капітал» у памеры $10 тыс. У 2017 годзе яго прызначылі 1,6 тыс. сем’ям Магілёўскай вобласці.

Кіраўнік Прыдняпроўскага краю цёпла павіншаваў удзельніц урачыстасці з надыходзячым святам і ўручыў ордэн Маці шасці жанчынам, якія нарадзілі і выхавалі пяцярых і больш дзяцей. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі: хатнія гаспадыні Іна Баканава і Алеся Кудраўцава з Магілёўскага і Хоцімскага раёнаў, швяя ТАА «Анатэкс плюс» Наталля Лабанава з Магілёва, Алена Асіповіч і Людміла Садкова – прыбіральшчыкі памяшканняў УАЗ «Мсціслаўская цэнтральная раённая бальніца» і УЗ «Быхаўская цэнтральная раённая бальніца», хатняя гаспадыня Валянціна Дзярабіна з Асіповіцкага раёна.

Удзельніцам свята ўручылі кветкі і падарункі, а творчыя калектывы і выканаўцы горада на Дняпры парадавалі жанчын выступленнем.

Сёння ўрачыстае мерапрыемства з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, прысвечанае Міжнароднаму жаночаму дню, адбылося і ў Палацы Незалежнасці. Кіраўнік дзяржавы ўручыў узнагароды шматдзетным маці і заслужаным дзеячам розных сфер. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел шматдзетныя мамы Магілёўскай вобласці: кіраўнік народнага ансамбля народнай песні «Вабічанскія ўзоры» Вішоўскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу Алена Калакустава, медыцынская сястра тэрапеўтычнага аддзялення УАЗ «Асіповіцкая цэнтральная раённая бальніца» Ніна Сакалоўская і повар ДУА «Яслі-сад «Сонейка»» в. Лапічы Ніна Стэльмах.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая