Пераможцаў і прызёраў конкурсу прафесійнага майстэрства «Беларускі майстар – 2017» ушаноўвалі ў Горках.
Абсалютная вікторыя дасталася камандзе аператараў машыннага даення Магілёўскай вобласці. Другое месца занялі прадстаўнікі Мінскага рэгіёна. Трэцімі апынуліся спецыялісты Гродзеншчыны.
На працягу двух дзён за званне лепшага змагаліся 23 жанчыны і адзін мужчына – пераможцы абласных спаборніцтваў ва ўзроставых катэгорыях да 31 года і больш. Камандам неабходна было прадставіць сваю візітную картку. Затым удзельнікі прайшлі праверку тэарэтычных ведаў, прадэманстравалі навыкі па разборцы і зборцы даільнага апарата, а таксама па даенні кароў на ўстаноўках «елачка» і «паралель». Прычым балы выстаўлялі не толькі за хуткасць, тэхналагічнасць, прадукцыйнасць, але і за культуру працы. Ацэньвала выступленні канкурсантаў прафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі навукоўцы Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі і НПЦ Нацыянальнай акадэміі навук па жывёлагадоўлі.
У асабістым заліку ў старэйшай узроставай групе пераможцай стала прадстаўніца Магілёўскай вобласці Наталля Хмуровіч з РУП «Вучгас БДСГА» Горацкага раёна. Жанчына з 20-гадовым стажам працы пайшла па слядах сваёй маці, якая 25 гадоў аддала прафесіі. Трохі саступіла сваёй калезе па камандзе Надзея Шыловіч з ААТ «Сцяг працы» Мсціслаўскага раёна. Трэці вынік паказала Наталля Барынбаева з СВК “Сынкавічы” Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці.
Перамогу сярод аператараў машыннага даення ва ўзросце да 31 года святкаваў адзіны мужчына на конкурсе – Міхаіл Астраўцоў з ААТ «Дрыбінаграпрамтэхзабеспячэнне» Магілёўскай вобласці. «Калі я стаў лепшым на абласным конкурсе, адчуў гонар за сваю прафесію, – распавёў ён. – Мне вельмі лёгка працаваць, гэта мая любімая справа. Перамогу магілёўскай камандзе прынесла вялікае жаданне быць першымі і зрабіць усё правільна. І, вядома ж, дома і сцены дапамагаюць. Мы на гэтай ферме ўжо не раз даілі, адпрацавалі навыкі. Думаю, калі паедзем спаборнічаць у іншую вобласць, будзе цяжэй. Але мы цяжкасцяў не баімся, як, зрэшты, і ўсе нашыя калегі, якія прыехалі на конкурс». Срэбра сярод моладзі дасталося Валянціне Залуцкай, якая прадстаўляла філіял ПСГ ААТ «Слуцкі мясакамбінат» Мінскай вобласці. На трэцім месцы завяршыла спаборніцтвы Алена Талкачова з ААТ “Горацкая райаграпрамтэхніка” Магілёўскай вобласці.
Акрамя асноўных узнагарод, журы вызначыла ўладальнікаў прызоў у спецыяльных намінацыях. Самай маладой даяркай аказалася 21-гадовая Дар’я Кулай з ААТ «Агра-сад Рассвет» Брэсцкай вобласці. У намінацыі «За вернасць традыцыям» адзначылі Галіну Валуевіч з ААТ «Нясвіжскія астраўкі» Мінскай вобласці. Найлепшым даяром стаў Міхаіл Астраўцоў. Найлепшую візітную картку паказала каманда Магілёўскай вобласці, а дыплом за самую лепшую спецыяльную вопратку ўручылі прадстаўнікам Міншчыны.
Не пакінулі без увагі і аператараў – шматдзетных маці. У дадзенай катэгорыі ўзнагародзілі прадстаўніц Брэсцкай вобласці – Надзею Карлюк з ААТ «Птушкафабрыка «Дружба» і Святлану Чыбрысаву з СВК ”Вазнясенскі”, а таксама Надзею Козел з КСУП «Веляцін» Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці.
Унікальны чэмпіянат стаў першым за 25 гадоў. Яго адрадзіў Рэспубліканскі камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання, каб павысіць прэстыж працы жывёлаводаў. Праводзіўся ён у аграрнай сталіцы Прыдняпроўскага краю невыпадкова: Магілёўшчына – адзіная вобласць у краіне, дзе аналагічныя рэгіянальныя спаборніцтвы праходзілі ўжо ў пяты раз.
«Сёння прадукцыя жывёлагадоўлі – фінансава-эканамічная аснова нашых сельгаспрадпрыемстваў, – сказаў старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Лабушаў. – Вытворчасць і рэалізацыя малака і мяса дае каля 70% выручкі ўсёй сельскай гаспадаркі. Мы хацелі паказаць лідараў малочнай галіны, пазнаёміць з іх высокімі вынікамі працы і прыцягнуць моладзь у аграпрамысловы комплекс. Прафесія даяркі – самая складаная і па часе, і па напружанні. Якой бы сучаснай тэхнікай, камп’ютарамі ні абсталёўвалі малочнатаварныя фермы і комплексы, чалавечы фактар застаецца тут вызначальным у дасягненні поспеху».
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 15:35
19.08.2020 - 15:25
18.08.2020 - 20:45
У Магілёве прайшоў мітынг у падтрымку міру, бяспекі і спакою. Відэа
18.08.2020 - 14:02
COVIND-19 і другая хваля: калі чакаць? Адказвае эпідэміёлаг Ірына Бас
17.08.2020 - 11:28
14.08.2020 - 16:43
ЦВК зацвердзіла вынікі выбараў: Прэзідэнтам выбраны Аляксандр Лукашэнка