Рус Бел Eng 中文

Неасцярожнасць пры курэнні каштавала жыцця двум жыхарам Асіповіцкага раёна і Круглага

За мінулыя выхадныя дні ў Магілёўскай вобласці адбылося 7 пажараў, на якіх два чалавекі загінулі. Пра гэта паведаміла старшы інспектар Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю рэгіянальнага ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

Бяссоннай выдалася ноч 19 мая для жыхароў вул. Цэнтральнай у Круглым. Каля гадзіны ночы загарэлася жыллё, якое належыць 34-гадоваму мясцоваму жыхару. Ратавальнікі знайшлі гаспадара без прыкмет жыцця на падлозе ў калідоры. Агонь практычна цалкам знішчыў жыллё: пашкоджаны дах, перакрыцце і маёмасць. Паводле папярэдніх дадзеных, пажар мог пачацца па прычыне неасцярожнасці пры курэнні. Праверку па факце гібелі праводзіць Круглянскі раённы аддзел следчага камітэта.

Яшчэ адно жыццё ў Асіповіцкім раёне забрала напатушаная цыгарэта. Калі жыллё брата прыйшло у непрыгоднасць, 65-гадовая жыхарка в. Лазавое прытуліла яго ў сябе. Зімой 62-гадовы мужчына жыў у доме. З пацяпленнем ён перабраўся ў летнюю веранду, якая стаіць непадалёк. Ноччу 20 мая пабудова згарэла. Не пашкадаваў агонь і пенсіянера, які знаходзіўся ў ёй.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая