Рус Бел Eng 中文

Новая школа адкрыецца ў Бабруйску

У мікрараёне Заходні Бабруйска 1 верасня адкрыецца новая СШ №34. Пра гэта паведаміла начальнік упраўлення адукацыі Бабруйскага гарвыканкама Вікторыя Амялюсік.

Ва ўстанову адукацыі, якая разлічана на 1020 месцаў, ужо пададзена 1100 заяў на навучанне дзяцей. «Такі ажыятаж не выпадковы, паколькі з поўнай упэўненасцю можна сцвярджаць, што СШ №34 на сёння самая сучасная ў Бабруйску, – адзначыла Вікторыя Амялюсік. – Кожны навучальны кабінет абсталяваны інтэрактыўнай дошкай, або мультыбордам. Школа абсталявана сістэмай бяспекі і відэаназірання. Ёсць па дзве спартыўныя і актавыя залы, басейн. На вуліцы – вялікі спартыўны комплекс, які ўключае футбольнае поле, бегавыя дарожкі, пляцоўкі для гульнявых відаў спорту, міні-аўтадром».

З 1 верасня ў навучальнай установе запусцяць праект «Электронная школа». Фарміраванне адукацыйнага асяроддзя ўжо з новага навучальнага года будзе ісці на аснове воблачных тэхналогій: будуць электронныя карты навучэнцаў, анлайн-сэрвіс «Электронны часопіс/Электронны дзённік». На базе аднаго з першых класаў адкрыюць лега-клас.

«Пачатак працы новага аб’екта – доўгачаканая падзея для горада. Дзеці будуць атрымліваць якасную адукацыю, да таго ж здымаецца праблема ў мікрараёне Заходні з перагружанасцю навучальных устаноў», – падкрэсліла Вікторыя Амялюсік.

Узвядзенне школы пачалося ў снежні 2011 года, але па прычыне адсутнасці сродкаў прыпынялася. Будаўнічыя работы адноўлены Бабруйскім будтрэстам №13 у 2017 годзе. На сённяшні дзень ужо падпісаны акт прыёмкі школы, на фінішы (завяршаюцца ўнутраныя аддзелачныя работы) будаўніцтва другой чаргі – басейна.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая