Рус Бел Eng 中文

Падораныя да 750-годдзя Магілёва кітайскія электробусы выйшлі ў першы рэйс

Кітайскія электробусы – падарунак правінцыі Хунань да 750-годдзя Магілёва – выйшлі ў першы рэйс. Ва ўрачыстай цырымоніі запуску машын прынялі ўдзел намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Віктар Некрашэвіч, старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Цуй Цымін.

Як адзначыў апошні, электробусы з сённяшняга дня будуць служыць жыхарам горада на Дняпры і стануць неад’емнай часткай у іх паўсядзённым жыцці. «Словы пра развіццё кітайска-беларускіх адносін на карысць народаў дзвюх краін знайшлі сапраўднае пацверджанне. Дзякуючы асабістаму клопату і ўвазе кіраўнікоў дзвюх краін, наша супрацоўніцтва ў цяперашні час перажывае найлепшы перыяд у гісторыі. Паміж дзяржавамі ўстанавіліся адносіны ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, і дынаміка іх далейшага развіцця ўсё яшчэ паскараецца, – адзначыў дыпламат. – Цесныя сувязі на рэгіянальным узроўні з кожным днём напаўняюцца зместам і ўмацоўваюць падмурак двухбаковага партнёрства. На гэтым фоне вылучаюцца міжрэгіянальныя зносіны паміж правінцыяй Хунань і Магілёўскай вобласцю. Пабудаваныя на аснове ўзаемапавагі, узаемнай выгады, яны атрымалі імклівае развіццё ў розных напрамках».

Так, адбыліся ўзаемныя візіты кіраўнікоў двух рэгіёнаў, якія паднялі адносіны на новы ўзровень. Назіраецца рост і ўмацаванне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Напрыклад, магілёўскае малако ўжо з’явілася на сталах жыхароў правінцыі Хунань. «У Кітаі ёсць такая прымаўка: «Пачатак года вызначае ўвесь год». У 2018-м Пасольства Кітая ў Беларусі будзе прыкладаць усе намаганні, каб развіваць сувязі з беларускім бокам на карысць народаў дзвюх краін. Тым больш што патэнцыял для развіцця партнёрства мы бачым велізарны», – падкрэсліў Цуй Цымін.

Нягледзячы на тое, што дагавор аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве паміж правінцыяй Хунань і Магілёўскай вобласцю быў падпісаны толькі ў 2016 годзе, ужо зроблена нямала, заўважыў Віктар Некрашэвіч. У рэгіёне рэалізуецца шэраг сумесных праектаў з кітайскімі партнёрамі, адзін са стратэгічных – супрацоўніцтва з кампаніяй Zoomlion па выпуску спецтэхнікі. «Мы спадзяемся на паглыбленне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Кітаем, напаўненне дасягнутых дамоўленасцей канкрэтнымі праектамі, якія будуць садзейнічаць эканамічнаму развіццю рэгіёна», – падкрэсліў намеснік старшыні.

Права праехаць першымі ў новых электробусах было прадастаўлена ганаровым гасцям і моладзі Магілёва. Нізкападлогавыя 12-метровыя машыны ўжо атрымалі ўласныя імёны – «Хунань» і «Магілёў». Яны будуць працаваць на цэнтральным гарадскім маршруце тралейбуса №4. За адну змену электробусам трэба будзе праязджаць 167 км, разавай зарадкі хапае прыкладна на 250 км. Абслугоўваць транспарт будуць работнікі тралейбуснага парка – пераможцы конкурсу сярод вадзіцеляў катэгорыі D.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая