Рус Бел Eng 中文

Падпісаны ўказ аб мерах па стымуляванні выкарыстання ў Беларусі электрамабіляў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 ліпеня падпісаў указ №273 «Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў». Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Дакументам прадугледжваюцца меры, накіраваныя на стымуляванне попыту на электрамабілі, а таксама стварэнне зараднай і сэрвіснай інфраструктуры.

У прыватнасці, прадугледжана вызваленне ад выплаты пошліны за выдачу дазволу на допуск электрамабіляў да ўдзелу ў дарожным руху; падатку на дабаўлены кошт пры ўвозе на тэрыторыю Беларусі зарадных прылад, якія не вырабляюцца на тэрыторыі краіны.

Дзяржаўным аператарам па стварэнні і развіцці зараднай сеткі для электрамабіляў выступіць РУП «ПА «Беларуснафта», якое забяспечыць распрацоўку і рэалізацыю адпаведнай праграмы.

Нагадаем, у Беларуска-Расійскім універсітэце з верасня будуць рыхтаваць спецыялістаў па абслугоўванні электрамабіляў. Для гэтага ў вучэбную лабараторыю магілёўскайВНУ набылі аўтамабіль з электрычным рухавіком.

Акрамя таго, на кафедры «Электрапрывад і аўтаматызацыя прамысловых установак» плануюць арганізаваць навучанне для магілёўцаў, якія хочуць даведацца пра электрамабілі і, магчыма, у будучым перасесці на аўто з электрычным рухавіком.

З чэрвеня ў Магілёве таксама запрацавала першая зарадная станцыя для электрамабіляў. Пілотны праект рэалізаваны ЗАТ «Тэхналагічны парк «Магілёў» сумесна з рэзідэнтам Тэхнапарка ТДА «Стрым» – інжынерна-вытворчай кампаніяй, якая займаецца распрацоўкай і вытворчасцю модуляў і сістэм з электронным кіраваннем для мабільных машын. Зарадная станцыя ўстаноўлена на грамадскай паркоўцы каля будынка Тэхнапарка (вул. Ленінская, 63).

Усталяваны модуль здольны адначасова зараджаць два аўтамабілі любых брэндаў. Для поўнай зарадкі спатрэбіцца ад 3 да 4 гадзін. У рэкламных мэтах да канца года паслуга прадастаўляецца бясплатна.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая