Рус Бел Eng 中文

Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі моладзевыя арганізацыі Бранскай і Магілёўскай абласцей

Магілёўская абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» і Бранскае рэгіянальнае аддзяленне моладзевай агульнарасійскай грамадскай арганізацыі «Расійскія студэнцкія атрады» падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Зацвярджэнне дакумента адбылося на Форуме моладзі Бранскай і Магілёўскай абласцей, які сёння праходзіць у Магілёве, перадае карэспандэнт сайта.

Свае подпісы пад пагадненнем паставілі першы сакратар абкама БРСМ Павел Алекса і камандзір рэгіянальнага штаба Бранскага рэгіянальнага аддзялення РСА Віктар Кузняцоў.

Дакумент прадугледжвае садзейнічанне пашырэнню ўзаемавыгадных сувязяў паміж арганізацыямі. Ён накіраваны на сумесную працу над сацыяльнай актыўнасцю моладзі для развіцця супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, павышэнне сацыяльнай значнасці студэнцкіх атрадаў, супрацоўніцтва ў распрацоўцы механізмаў дзейнасці па выхаванні будучых спецыялістаў і паляпшэнні якасці іх прафесійнай адаптацыі ў галінах эканомікі рэгіёнаў, а таксама арганізацыю форумаў, дыялогавых пляцовак, семінараў, сустрэч-прэзентацый, фестываляў.

Бакі таксама дамовіліся аб садзейнічанні ў стварэнні спрыяльных умоў для ўмацавання супрацоўніцтва ў пытаннях развіцця моладзевай палітыкі, уцягвання моладзі ў сумесныя сацыяльна значныя праграмы і праекты, рэалізацыі сумесных грамадскіх моладзевых праграм.

З мэтай рэалізацыі палажэнняў пагаднення ў найбліжэйшы час бакі распрацуюць планы мерапрыемстваў на адзін год.

Наша вобласць знаходзіцца на парозе важнай і знамянальнай для жыцця двух брацкіх народаў падзеі: 10-12 кастрычніка ў Магілёве адбудзецца V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Праграма прадугледжвае цэлы шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё адносін паміж краінамі-суседкамі ў розных сферах жыццядзейнасці. Усе яны аб’яднаны пад эгідай Тыдня інтэграцыі і супрацоўніцтва. Адно з такіх мерапрыемстваў – форум моладзі Бранскай і Магілёўскай абласцей.

 

Варта адзначыць, што кантакты паміж моладдзю суседніх рэгіёнаў выходзяць на новы ўзровень. Штуршком для развіцця супрацоўніцтва паслужыла правядзенне ў горадзе на Дняпры ў жніўні 2016 года форума «Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва Бранскай і Магілёўскай абласцей у сферы маладзёжнай палітыкі ў рамках Саюзнай дзяржавы».

Цяперашні форум мае шэраг адметных асаблівасцяў. Ён праходзіць у два этапы – на тэрыторыі Прыдняпроўскага краю, а затым на Браншчыне. Галоўнай яго мэтай з’яўляецца выпрацоўка канкрэтных формаў ўзаемадзеяння, якія пасля будуць рэалізаваны ў нашых рэгіёнах.

Адкрываючы форум, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі адзначыў, што старэйшае пакаленне абавязана перадаць моладзі ўвесь назапашаны вопыт па пабудове Саюзнай дзяржавы, умацаванні братэрства. І гэты момант вельмі важны, паколькі за моладдзю – будучыня, лёс двух народаў і іх узаемаадносін. Таму, па перакананні кіраўніка рэгіёна, да абмеркавання любых, нават самых прыярытэтных і праблемных пытанняў, якія тычацца развіцця эканомікі, аграрнага сектара рэгіёна і краіны, абавязкова трэба падключаць маладых.

Губернатар пажадаў удзельнікам цяперашняга форуму плённай працы. Ён выказаў упэўненасць, што дыялог пройдзе прадуктыўна, прынясе маладым людзям нямала карысці, новых знаёмстваў, аб’яднае іх і пасадзейнічае моцнай дружбе ў будучыні.

У той жа час намеснік губернатара Бранскай вобласці Уладзімір Абаротаў заўважыў, што Магілёўская вобласць была і застаецца надзейным сацыяльным і эканамічным партнёрам Браншчыны. Пра гэта сведчаць вынікі знешнегандлёвага супрацоўніцтва, цесныя кантакты ў сферы навукі, культуры, інфармацыйнага абмену. З кожным годам мацнее вучэбна-метадычнае партнёрства. Так, Бранскі дзяржаўны універсітэт імя акадэміка І.Г. Пятроўскага ўзаемадзейнічае з МДУ імя А.А. Куляшова. Дагавор аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве стаў асновай дружбы Бранскага дзяржаўнага ўніверсітэта і БДСГА. Студэнты Бранскага тэхнічнага ўніверсітэта прымаюць актыўны ўдзел у алімпіядах, якія праводзяцца ў БРУ. Наша моладзь таксама выдатна праяўляе сябе ў мерапрыемствах, якія праводзяцца на тэрыторыі Расіі. У прыватнасці, на XIX Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Сочы беларуская дэлегацыя была адной з самых шматлікіх і яркіх.

На думку Уладзіміра Абаротава, цяперашні маладзёжны форум павінен надаць новы імпульс супрацоўніцтву Бранскай і Магілёўскай абласцей. «Мы б хацелі бачыць больш актыўнасці і ўзаемадзеяння ў моладзевым і студэнцкім абмене, сумеснай працы па студатрадаўскім руху, у валанцёрстве, рэалізацыі канкрэтных праектаў у сферы навукі і адукацыі, а таксама развіцці студэнцкага турызму», – падкрэсліў ён.

Павітаў моладзь і старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык. Ён паведаміў, што Прыдняпроўскі край падтрымлівае дружалюбныя адносіны з 24 расійскімі рэгіёнамі. Аднак асноўны і прыярытэтны – Бранская вобласць. За першае паўгоддзе ўзаемны тавараабарот павялічыўся больш чым на 28%. «Гэта сведчыць пра тое, што мы не стаім на месцы, – адзначыў Дзмітрый Харытончык. – Не выпадкова менавіта моладзевы дыялог стаў першым знакавым мерапрыемствам у чарадзе прымеркаваных да V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Бо сённяшняй моладзі неўзабаве трэба будзе будаваць і развіваць эканоміку нашых краін. Таму такія сустрэчы, як сённяшняя, – залог паспяховага супрацоўніцтва ў будучыні».

У сваю чаргу намеснік старшыні Бранскай абласной думы Анатоль Бугаёў падкрэсліў, што ў сучасных умовах перспектыўным напрамкам ва ўзаемадзеянні моладзі можа стаць праектаванне. Гаворачы пра форум, госць заўважыў асаблівую важнасць выпрацоўкі сумесных планаў, у цэнтры якіх павінна ляжаць іх 100% прымяненне на практыцы. «Сёння варта звярнуць увагу на прафесіі будучыні, разумець, што павышэнне прадукцыйнасці працы, тэхналогіі – гэта галоўны фактар развіцця любой галіны, аснова асноў умацавання нашых узаемаадносінаў».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая