Рус Бел Eng 中文

Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі ўстановы аховы здароўя Магілёўскай вобласці з Маскоўскай гарадской бальніцай імя Ф. І. Іназемцава

Пагадненне аб узаемавыгадным супрацоўніцтве ў галіне медыцынскай дзейнасці падпісалі Магілёўскі абласны лячэбна-дыягнастычны цэнтр, Магілёўская абласная бальніца і Магілёўская абласная бальніца медыцынскай рэабілітацыі з гарадской клінічнай бальніцай імя Ф. І. Іназемцава Дэпартамента аховы здароўя горада Масквы, як перадае карэспандэнт сайта.

Свае подпісы пад дакументамі паставілі галоўныя ўрачы дадзеных устаноў аховы здароўя: з беларускага боку – Андрэй Ніпатрук, Сяргей Галуза і Барыс Дзераўцоў, з расійскага – Аляксандр Міцічкін.

Зацвярджэнне дакумента адбылося ў Магілёўскім аблвыканкаме з удзелам начальніка ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Аляксандра Жыліна і кіраўніка ўправы раёна Сакаліная гара Усходняй адміністрацыйнай акругі Масквы Аляксандра Аксёнава.

Асноўнымі мэтамі заключаных пагадненняў з’яўляюцца пошук эфектыўнага механізму ўзаемадзеяння як у навуцы, так і практыцы, магчымасць абмену вопытам у сферы медыцынскай дзейнасці для стварэння новых відаў прагрэсіўных тэхналогій, аказанне ўзаемнай дапамогі ў павышэнні кваліфікацыі супрацоўнікаў. Бакі дамовіліся абменьвацца ведамі ў развіцці інавацыйных метадаў дыягностыкі і лячэння, пазабюджэтнай дзейнасці, публікацыямі і матэрыяламі. Важнай часткай партнёрства стануць азнаямленчыя візіты і ўзаемныя кансультацыі.

«Ахова здароўя Беларусі накіравана на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі, захаванне здароўя нацыі і кожнага грамадзяніна паасобку, – адзначыў галоўны ўрач Магілёўскага абласнога лячэбна-дыягнастычнага цэнтра Андрэй Ніпатрук. – Дасягненню пастаўленых мэтаў будуць спрыяць дадзеныя дамовы».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая