Рус Бел Eng 中文

Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы рыхтуе прэс-тур на V Форум рэгіёнаў у Магілёве

Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы рыхтуе прэс-тур на V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе ў Магілёве ў кастрычніку. Пра гэта паведаміла начальнік дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пасткама Саюзнай дзяржавы Маргарыта Леўчанка.

Яна адзначыла, што інфармацыйнае суправаджэнне будаўніцтва Саюзнай дзяржавы з’яўляецца адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці Пастаяннага камітэта. Паводле яе слоў, удзельнікамі прэс-тура стануць прадстаўнікі больш за 20 СМІ з Беларусі і Расіі.

Начальнік дэпартамента нагадала, што арганізатарамі Форуму рэгіёнаў выступаюць верхнія палаты парламентаў дзвюх краін – Савет Рэспублікі і Савет Федэрацыі. «Вывучаючы праграму, якую прапанавалі арганізатары, мы бачым безумоўную цікавасць да абмеркавання пытанняў на секцыі, звязанай з моладзевай палітыкай. Бо больш чым з 20 мерапрыемстваў, якія штогод праводзяцца з удзелам, пад эгідай або пры фінансаванні з бюджэту Саюзнай дзяржавы, асноўная маса накіравана менавіта на моладзь», – сказала Маргарыта Леўчанка.

Яшчэ адной важнай тэмай для Пастаяннага камітэта на форуме стане ўніфікацыя і гарманізацыя заканадаўстваў Беларусі і Расіі. «Мы спадзяёмся, што гэтыя пытанні знойдуць адлюстраванне і будуць абмеркаваны з канкрэтнымі прапановамі на Форуме рэгіёнаў», – падкрэсліла Маргарыта Леўчанка.

Яна таксама дадала, што ў гэтым годзе Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі тэматычна будуць прысвечаны фестываль «Моладзь – за Саюзную дзяржаву» і адзін з этапаў Спартакіяды Саюзнай дзяржавы сярод дзяцей і юнацтва.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая