Рус Бел Eng 中文

Паводок в Могилевской области прогнозируется в пределах средних многолетних значений

Вясновае разводдзе ў Магілёўскай вобласці чакаюць у межах сярэдніх шматгадовых значэнняў, паведамілі ў Магілёўскім абласным цэнтры па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя імя А. Шміта.

Узровень вады ў рэках Магілёўскай вобласці ў вясновае разводдзе ў мінулыя два гады быў гранічна нізкім па прычыне засушлівага надвор’я і малой колькасці ападкаў, таму і паводка была ніжэйшай за сярэднія шматгадовыя значэнни. У другой палове 2017 года і пачатку бягучага ў рэгіёне выпала дастаткова вялікая колькасць ападкаў у выглядзе дажджу і снегу. Як вынік – адзначаецца высокі ўзровень вады ў рэках, а запасы вады ў снежным покрыве на сённяшні дзень вышэйшыя за норму. Напрыклад, у Дняпры запасы вады ў снежным покрыве перавышаюць норму на 10-40%, у Бярэзіне – на 35-50%, а ў Сожы – на 50-70%.

«Гэтыя і іншыя фактары даюць нам падставу прагназаваць паводку ў вобласці ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў. Прагназуецца, што ў пік паводкі вада ў Дняпры падымецца да 500-540 см (выхад вады на пойму – 6,3 м, небяспечны ўзровень 7,3 м), у Бярэзіне на 280 см (плюс-мінус 30 см), а ў Сожы пад Крычавам – на 380 см, пад Слаўгарадам – на 350 см (плюс-мінус 30 см)», – адзначылі суразмоўцы. Яны звярнулі ўвагу насельніцтва на неабходнасць загадзя падрыхтавацца, каб папярэдзіць непрыемныя наступствы магчымай паводкі.

У Магілёўскай вобласці (на 13 сакавіка) фіксуецца невялікі ўздым вады на шэрагу рэк – у сярэднім ад 1 да 3 см у суткі. У рэках назіраецца ледастаў з заберагамі і закраінамі. Ускрыццё рэк чакаецца ў сувязі з пацяпленнем у трэцяй дэкадзе сакавіка.

«Далейшая інтэнсіўнасць паводкі ў рэгіёне будзе залежаць выключна ад метэаралагічных умоў. Калі надвор’е не паднясе сюрпрызаў у выглядзе рэзкага пацяплення і багатых ападкаў, то інтэнсіўнасць паводкі будзе ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў. А пахаладанне ў найбліжэйшыя выхадныя, паводле нашых прагнозаў, прывядзе да зніжэння ўзроўню вады ў рэках», – адзначылі спецыялісты.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая