Першае пасяджэнне абласной рабочай групы па ўстойлівым развіцці прайшло сёння ў канферэнц-зале гасцініцы «Магілёў». У мерапрыемстве прынялі ўдзел эксперты і члены абласной рабочай групы, прадстаўнікі гарадскіх і раённых выканкамаў, грамадскіх аб’яднанняў, перадае карэспандэнт сайта.
Як заўважыў старшыня камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар, Беларусь стала адной з 193 краін, якія ўзялі на сябе абавкі па дасягненні да 2030 года 17 Мэтаў устойлівага развіцця (УР). Іх сутнасць заключаецца ў павышэнні ўзроўню і якасці жыцця людзей. «У Мэтаў устойлівага развіцця ёсць добры дэвіз: «Нікога не пакінуць у баку». І ў гэтым заключаецца сэнс нашай працы, – адзначыў ён. – Дасягнуць ўсіх пунктаў праграмы магчыма толькі сумеснымі намаганнямі грамадства і ўлады».

Па словах Руслана Страхара, міжнародныя эксперты адзначаюць, што наша краіна да рэалізацыі Мэтаў УР падышла дастаткова сістэмна. Так, ужо дэталёва прапрацаваны алгарытм працы, вызначаны нацыянальны каардынатар і склад савета па ўстойлівым развіцці, які падзелены па чатырох асноўных напрамках: эканоміка, экалогія, сацыяльная палітыка і статыстычныя дадзеныя. «Важна, каб праца была сінхранізавана па ўсёй рэспубліцы, таму ў кожнай вобласці створаны рэгіянальныя групы, што дасць магчымасць лакалізаваць Мэты ўстойлівага развіцця, – заўважыў Руслан Страхар. – Кожная дзяржава і рэгіён маюць свае асаблівасці, і гэта трэба ўлічваць. Мэты і канкрэтныя задачы павінны быць распрацаваны для кожнай тэрыторыі. Пры гэтым неабходна вылучыць прыярытэты на мясцовым узроўні, замацаваць іх у планах работы, а далей узгадніць з абласным і нацыянальным узроўнямі. Падыходы павінны быць сістэмнымі, прычым не толькі па тэрытарыяльнай прыкмеце, але і па напрамках дзейнасці. Прадстаўнікам улады на месцах трэба вызначыць свае пункты росту і забяспечыць пастаянны кантроль за работай, якая праводзіцца».

Старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама падкрэсліў, што перад абласной рабочай групы па УР стаяць сур’ёзныя задачы. Першым крокам на шляху іх вырашэння павінна стаць вызначэнне адказных за рэалізацыю вызначаных мэтаў. Наступны этап – падрыхтоўка прапаноў па фарміраванні плана асноўных мерапрыемстваў на 2018 год, разгляд іх на калегіях структурных падраздзяленняў і арганізацый.
На пастаяннай аснове неабходна прадоўжыць работу па прыцягненні міжнароднай тэхнічнай і замежнай бязвыплатнай дапамогі, пашыраць супрацоўніцтва з міжнароднымі і грамадскімі арганізацыямі. Тым больш што вопыт у гэтым кірунку ў нас ёсць», – падкрэсліў Руслан Страхар. Так, у 2014-2016 гадах вялася сумесная работа па рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Падтрымка рэгіянальнага і мясцовага развіцця Беларусі», што фінансуецца ЕС. Адным з вынікаў гэтага праекта стала распрацоўка знешнімі экспертамі пры падтрымцы аблвыканкама стратэгіі ўстойлівага развіцця Магілёўскай вобласці на 2016-2025 гады. З 2015 года рэалізуецца праект «Садзеянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», у рамках якога для ўсіх раёнаў вобласці знешнімі экспертамі пры падтрымцы райвыканкамаў створаны пашпарты тэрытарыяльна арыентаванага развіцця. Апошнія, лічыць Руслан Страхар, могуць стаць асновай для распрацоўкі мясцовых праектаў у галіне ўстойлівага развіцця.

Акрамя таго, падтрыманы шэраг ініцыятыў у сацыяльнай, эканамічнай, экалагічнай, адукацыйнай і іншых сферах. Па выніках першага конкурсу, на які было прадстаўлена 88 праектаў з усіх раёнаў Магілёўскай вобласці, вызначана пяць пілотных раёнаў для ўдзелу ў далейшай рэалізацыі мерапрыемстваў – Чавускі, Слаўгарадскі, Клічаўскі, Дрыбінскі і Краснапольскі. Гэтыя раёны падпісалі мемарандумы ўзаемаразумення з ПРААН. «Пілотныя раёны ўжо прынялі ўдзел у другім, асноўным, конкурсе мясцовых ініцыятыў. Пераможцамі сталі 28 заявак », – распавёў старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама.
Руслан Страхар звярнуў увагу на тое, што ў рэгіёне наладжана цеснае супрацоўніцтва з Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтрам імя Йаханеса Рау, дзе рэалізуецца Праграма Федэральнага ўрада Германіі па падтрымцы Беларусі. Таксама ажыццяўляецца ўзаемадзеянне з Праграмай малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду, дзейнасць якога непарыўна звязана з дасягненнем мэтаў устойлівага развіцця.
На вырашэнне пытанняў развіцця сельскіх тэрыторый накіравана шчыльная сумесная праца раёнаў Магілёўскай вобласці з Міжнародным фондам развіцця сельскіх тэрыторый. «У некаторых рэгіёнах ужо распрацаваны і рэалізуюцца мясцовыя стратэгіі ўстойлівага развіцця. Найбольш актыўна дзейнасць ажыццяўляецца ў Чавускім раёне. Тут ужо некалькі гадоў працуе Грамадскі савет па ўстойлівым развіцці», – падкрэсліў Руслан Страхар.

Кіраўнік камітэта эканомікі аблвыканкама адзначыў, што пастаўленыя перад абласной рабочай групы па ўстойлівым развіцці задачы маюць доўгатэрміновы характар – да 2030 года. «Таму работа павінна стаць першым этапам па імплементацыі мэтаў устойлівага развіцця на мясцовым узроўні, а таксама ўлічвацца пры фарміраванні планаў і праграм развіцця на будучы перыяд», – падкрэсліў Руслан Страхар.
Удзельнікі пасяджэння абласной рабочай групы па ўстойлівым развіцці таксама разгледзелі шэраг пытанняў. У іх ліку – Парадак дня ў галіне УР на перыяд да 2030 года, падыходы да фарміравання і імплементацыя ў Беларусі, паспяховыя практыкі рэалізацыі прынцыпаў УР на мясцовым і рэгіянальным узроўнях, практычныя крокі па рэалізацыі на рэгіянальным узроўні прынцыпаў УР.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59