Рус Бел Eng 中文

Першы этап рэпетыцыйнага тэставання стартуе ў Беларусі ў кастрычніку

Першы этап рэпетыцыйнага тэставання ў Беларусі будзе праводзіцца ў кастрычніку-снежні. Такая інфармацыя размешчана на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.

Анлайн-рэгістрацыя абітурыентаў, якія хочуць прыняць удзел у рэпетыцыйным тэставанні на базе РІКВ ідзе з 10 верасня. У інстытуце звяртаюць увагу, што астатнія пункты правядзення рэпетыцыйнага тэставання вызначаць свае графікі для яго правядзення і тэрміны рэгістрацыі.

Пералiк устаноў адукацыi, дзе можна прайсці рэпетыцыйнае тэставанне, можна знайсці ў адпаведным раздзеле на сайце РІКВ. У Мінску, напрыклад, іх шэсць. Амаль ва ўсіх зарэгістравацца можна ў анлайн-рэжыме.

Тэставанне праводзіцца ў тры этапы па 15 вучэбных прадметах за курс агульнай сярэдняй адукацыі: беларуская мова, руская мова, матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя (найноўшы час), геаграфія, замежная мова (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), грамадазнаўства. Кошт удзелу складае Br7 за адзін навучальны прадмет. З гэтага года ў Беларусі ўвялі новы від рэпетыцыйнага тэставання – дыстанцыйнае. Яно дазваляе бясплатна прайсці анлайн-тэставанне па 15 прадметах з наступным разборам заданняў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая