Рус Бел Eng 中文

Першы ў Беларусі фестываль клоўнаў пройдзе ў Бабруйску

Першы ў Беларусі фестываль «Клоўн-шоу – 2018» пройдзе 1 красавіка ў Бабруйску, паведаміў галоўны рэжысёр гарадскога Палаца мастацтваў Анатоль Брычонак.

«Цікавасць да першага ў Беларусі фестывалю клоўнаў дастаткова вялікая. Да нас паступіла каля 30 заявак, у тым ліку з Расіі, Францыі, Германіі. Свой удзел у мерапрыемстве ўжо пацвердзілі 12 калектываў. Аргкамітэт пастараўся выбраць самых годных артыстаў і калектывы», – адзначыў галоўны рэжысёр.

Хэдлайнерам першага праекта стане комік-дуэт «ОП-ПА!» з Масквы ў складзе чэраваяшчальніка (вентролога) Вольгі Ліфенцавай і міма, клоўна Уладзіміра Краўчанкі. Дуэт з’яўляецца лаўрэатам міжнародных фестываляў і конкурсаў у Амерыцы і Кітаі, удзельнікам тэлеперадач «Кривое зеркало», «Аншлаг» і «Смехопанорама» і іншых тэлевізійных шоу.

Свята гумару стартуе ў буйных гандлёвых цэнтрах Бабруйска, затым з тэматычнымі праграмамі клоўны выступяць у дзіцячым доме, дзіцячым сацыяльным прытулку і ў дзіцячай бальніцы. А ўжо ў Палацы мастацтваў адбудзецца прэзентацыя клоўнаў і маштабная шоу-праграма.

«Калі мерапрыемства спадабаецца жыхарам Бабруйска, то мы плануем фестываль клоўнаў зрабіць штогадовым. Спадзяёмся, што ён будзе пашыраць геаграфію ўдзельнікаў, а яго папулярнасць з году ў год будзе расці», – выказаў упэўненасць Анатоль Брычонак.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая