Рус Бел Eng 中文

Працоўную акцыю правяла моладзь на тэрыторыі храма ў гонар Раства Іаана Хрысціцеля, які будуюць ў аграгарадку Буйнічы

На тэрыторыі храма ў гонар Раства Іаана Хрысціцеля ў аграгарадку Буйнічы сёння адбылася моладзевая працоўная акцыя агульнарэспубліканскага праекта БРСМ «#ЗаДело!», перадае карэспандэнт сайта.

На гэты раз #ЗаДело ўзяліся валанцёры і актывісты БРСМ Магілёва і Магілёўскага раёна на чале з першым сакратаром Цэнтральнага камітэта ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Дзмітрыем Варанюком. Праца знайшлася для кожнага: дружная каманда прыбірала апалае лісце, складавала цэглу, неабходныя матэрыялы для будаўніцтва.

«Магілёўшчына стала для мяне другой малой радзімай. Тут я атрымаў адукацыю, знайшоў сяброў, стварыў маю сям’ю, – расказаў Дзмітрый Варанюк. – І няхай справа, за якую мы сёння ўзяліся, пакладзе пачатак добрай традыцыі: кожны раз, бываючы ў родных краях, дарыць часцінку сваёй малой радзіме сваёй працы і клопату. І тады яна абавязкова стане яшчэ больш прыгожай».

Храм у гонар Раства Іаана Хрысціцеля пачалі будаваць у жніўні 2017 года. Ён узводзіцца на сродкі Беларускай Праваслаўнай Царквы і вернікаў на самым краі мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле», бліжэй да жылога масіва аграгарадка Буйнічы. Месца абралі невыпадкова. «Храм закладзены там, дзе адбывалася вялікая бітва, дзе загінула шмат людзей, якія абаранялі абласны цэнтр, – адзначыў благачынны Магілёўскай раённай акругі святар Мікалай Астапчук. – Гэта доўгачаканы праект не толькі для жыхароў аграгарадка, але і ўсяго Прыдняпроўскага краю. У храме-помніку ў гонар тых, хто аддаў жыццё за веру, Айчыну і народ, будуць пастаянна здзяйсняцца малітвы аб супакаенні загінулых воінаў».

Па словах Мікалая Астапчука, падобныя працоўныя акцыі важныя і карысныя, паколькі пры ўзвядзенні храма значная дапамога кожнага чалавека і асабліва маладых людзей. Да зімы тут плануюць правесці ацяпленне і вельмі спадзяюцца, што да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якое будзе адзначацца ў 2019 годзе, будаўніцтва ўдасца завяршыць. Гэта было б вельмі сімвалічна.

Агульнарэспубліканскі моладзевы праект «#ЗаДело!»стартаваў у Беларусі 6 верасня ў дзень нараджэння Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Ён накіраваны на шырокае ўцягванне маладых людзей у добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на сваёй малой радзіме – у горадзе, раёне, вёсцы, пасёлку, на вуліцы, двары і інш. Мерапрыемствы ў рамках праекта будуць доўжыцца да 2020 года.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая