Рус Бел Eng 中文

Прадстаўнікі Беларусі заваявалі ўсе Гран-пры міжнароднага фестывалю «Залатая пчолка»

Прадстаўнікі Беларусі заваявалі ўсе Гран-пры міжнароднага фестывалю «Залатая пчолка». Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы.

Найвышэйшай узнагароды музычнага свята ўдастоены харэаграфічны ансамбль «Кужалёк» Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Агат» Магілёва, вакальны дуэт у складзе Алены Дабравольскай і Паліны Петраш узорнай эстраднай студыі «Росы» Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Росквіт» Бабруйска, салістка Нацыянальнага цэнтра музычных мастацтваў імя У. Г. Мулявіна пры Маладзёжным тэатры эстрады Мінска Марыя Жыліна.

Дыпломы I ступені павезлі дадому ўзорны ансамбль сучаснага эстраднага танца «Капрыз» (Бранск, Расія), узорны калектыў шоу-тэатр «Шарм» (Казань, Расія), дзіцячы ўзорны музычны тэатр «Таберык» (Бішкек, Кыргызстан), студыя ансамбля песні і танца «Дзюз-Ава» (Малдова), Майя Орлік (Петразаводск, Расія), Улада Піліповіч (Мінск), вакальная група «Сябрынка» (Мінск), вакальная група «Блакіт» (Баранавічы), Марыя Ермакова (Мінск), Валерыя Клімянкова (Баранавічы,), ансамбль песні “Вясна” (Харкаў, Украіна).

Спецыяльным прызам «За захаванне нацыянальнага танцавальнага фальклору» ўзнагароджаны ансамбль народнага танца Milan Milicevic (Бялград, Сербія).

У гэтым годзе музычнае свята сабрала ў Клімавічах больш за 700 выканаўцаў і калектываў з Беларусі, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Румыніі, Украіны, Фінляндыі і Сербіі.

Традыцыйна конкурсная праграма праходзіла ў дзвюх узроставых катэгорыях: малодшая (9-12 гадоў) і старэйшая (13-16 гадоў). Праслухоўванні і прагляды праводзіліся па намінацыях: вакальнае мастацтва (народнае, эстрадныя спевы), харэаграфічнае мастацтва (народна-сцэнічны, эстрадны танец). Свае таленты юныя дараванні дэманстравалі гледачам і членам аўтарытэтнага журы на чале з заслужаным дзеячам культуры Беларусі Святланай Стацэнка і старшынёй асацыяцыі фальклорных груп Балгарыі Росенам Багданавым. «Узровень выканальніцкага майстэрства ўдзельнікаў быў вельмі высокі. Папулярнасць фестывалю ўплывае на тое, што кожная краіна адпраўляе ў Клімавічы моцных і добра падрыхтаваных артыстаў», – адзначылі суразмоўцы.

Цяперашні форум пашырыў фармат, павялічыўшы колькасць фестывальных пляцовак для адпачынку. Гасцей чакала мноства займальных мерапрыемстваў, у тым ліку конкурс «Міс “Залатая пчолка”», пляц-канцэрт узорнага духавога аркестра Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў, ансамбляў мажарэтак і барабаншчыкаў вобласці, святочнае шэсце. У дні форуму працавалі выставы-продажы вырабаў дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці, прадуктовы кірмаш «Салодкае лета».

Заснавальнікамі фестывалю «Залатая пчолка» выступілі Клімавіцкі раённы выканаўчы камітэт, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, Міністэрства культуры Беларусі.

Ідэя дзіцячага музычнага форуму зарадзілася ў 1996 годзе напярэдадні правядзення Міжнароднага дня абароны дзяцей. Першы фестываль, арганізаваны ў 1997 годзе, быў міжрэгіянальным: у ім прынялі ўдзел прадстаўнікі дзевяці раёнаў Беларусі і Расіі. Затым мерапрыемства атрымала абласны статус, а ў 2001 годзе – міжнародны. «Залатая пчолка» запаліла нямала яркіх зорачак на беларускай сцэне і стала своеасаблівым творчым трамплінам для юных талентаў. Лаўрэатамі форуму ў розныя гады былі Ксенія Сітнік, Андрэй Кунец, Ганна Мушак, Лідзія Заблоцкая і інш.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая