Рус Бел Eng 中文

Прадстаўнікі васьмі краін выступяць на фестывалі «Залатая пчолка» ў Клімавічах

Больш за 700 удзельнікаў з васьмі краін выступяць на XVI Міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» ў Клімавічах. Форум пройдзе з 1 па 4 чэрвеня, як паведамілі ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы.

Музычнае свята збярэ выканаўцаў і калектывы з Беларусі, Кыргызстана, Расіі, Румыніі, Сербіі, Узбекістана, Украіны, Фінляндыі. Традыцыйна конкурсная праграма пройдзе ў дзвюх узроставых катэгорыях: малодшая (9-12 гадоў) і старэйшая (13-16 гадоў). Праслухоўванні і прагляды будуць праводзіцца па намінацыях: вакальнае мастацтва (народнае, эстрадныя спевы), харэаграфічнае мастацтва (народна-сцэнічны, эстрадны танец).

Свае таленты ўдзельнікі прадэманструюць не толькі гледачам, але і аўтарытэтнаму міжнароднаму журы, у склад якога ўвойдуць вядучыя дзеячы культуры Беларусі, блізкага і далёкага замежжа.

У гэтым годзе форум пашырыць фармат, павялічыўшы колькасць фестывальных пляцовак для адпачынку. Акрамя спаборніцтва, удзельнікаў і гасцей чакаюць розныя конкурсы, у тым ліку малюнка на асфальце. Завяршальнымі акордамі «Залатой пчолкі» стануць святочнае шэсце па вул. Савецкай, урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і гала-канцэрт у гарадскім парку.

Заснавальнікамі фестывалю з’яўляюцца Клімавіцкі раённы выканаўчы камітэт, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» праходзіць у Клімавіцкім раёне з 1996 года. У 2001-м конкурс атрымаў статус міжнароднага. Лаўрэатамі фестывалю ў розныя гады былі Ксенія Сітнік, Андрэй Кунец, Ганна Мушак, Лідзія Заблоцкая і інш.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая