Рус Бел Eng 中文

Прафкам ААТ «Мажэліт» сумесна з кіраўніцтвам прадпрыемства правядуць 17 жніўня свята для школьнікаў

Прафкам ААТ «Мажэліт» сумесна з кіраўніцтвам прадпрыемства правядуць 17 жніўня свята для школьнікаў. Пра гэта паведамілі на абласным аб’яднанні прафсаюзаў.

На пляцоўцы перад заводам (вул. Чалюскінцаў, 84) будзе арганізавана забаўляльная праграма з аніматарамі, маляўнічым навуковым шоу, святам мыльных бурбалак, уручэннем падарункаў першакласнікам і сувеніраў кожнаму дзіцяці.

У мерапрыемстве прыме ўдзел больш за дзвесце школьнікаў – дзяцей супрацоўнікаў прадпрыемства. Прафсаюзны камітэт сумесна з кіраўніцтвам «Мажэліта» традыцыйна павіншуе дзяцей з пачаткам навучальнага года, а таксама акажа матэрыяльную дапамогу сваім работнікам, якія выхоўваюць дзяцей школьнага ўзросту.

У гэты ж дзень старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Мікалай Загорскі наведае ў Магілёве шматдзетную сям’ю і ўручыць ёй напярэдадні 1 верасня грашовы сертыфікат на падрыхтоўку дзяцей да школы.

У рамках пастаянна дзеючай дабрачыннай акцыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Прафсаюзы – дзецям», абвешчанай у 2002 годзе, прафсаюзныя арганізацыі рэспублікі традыцыйна прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы дзяцей да школы. Так, напярэдадні 1 верасня праводзяцца акцыі і мерапрыемствы пад дэвізамі «Збярэм першакласніка ў школу», «Першы раз – у першы клас», «Партфель першакласніка», «Дзеці ідуць у школу», «Збярэм школьны партфель».

Асаблівая ўвага надаецца дзецям, якія ідуць у першы клас, дзецям-сіротам, шматдзетным, маламаёмасным і прыёмным сем’ям, а таксама сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў або апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Дапамога сем’ям, што выхоўваюць дзяцей школьнага ўзросту, аказваецца прафкамамі прадпрыемстваў і арганізацый, у якіх працуюць бацькі.

Матэрыяльную і фінансавую падтрымку атрымліваюць падшэфныя дзіцячыя сацыяльныя прытулкі, школы-інтэрнаты, дамы сямейнага тыпу. Усяго дабрачыннай акцыяй «Прафсаюзы – дзецям» ахоплена больш за 180 дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, сацыяльных прытулкаў.

Таксама ў многіх калектыўных дагаворах прадпрыемстваў закладзены нормы па аказанні матэрыяльнай дапамогі бацькам, якія выхоўваюць дзяцей-школьнікаў. І гэтыя нормы выконваюцца.

Памер матэрыяльнай і фінансавай падтрымкі, якую аказваюць прафсаюзныя арганізацыі ўсіх узроўняў, з года ў год расце. Так, у 2017 годзе на гэтыя мэты накіравана больш за Br3 млн. 495 тыс.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая