Рус Бел Eng 中文

Праваслаўныя вернікі святкуюць Успенне Прасвятой Багародзіцы

Праваслаўныя вернікі сёння святкуюць адзно з вялікіх двунадзясятых святаў – Унебаўзяцце Найсвяцейшай Уладаркі нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі.

Святу Успення Божай Маці папярэднічае двухтыднёвы пост, які называецца Успенскім і па сваёй строгасці набліжаецца да Вялікага посту.

Па царкоўным паданні, пасля Ушэсця на неба Ісуса Хрыста Найсвяцейшая Дзева, застаючыся на апецы святога Іаана Багаслова, знаходзілася ў пасце і малітве ў жаданні ўбачыць Сына. Найсвяцейшая Маці Божая стала для ўсіх вучняў Хрыстовых агульнай Маці. Яны разам з ёй маліліся і слухалі яе павучальныя гутаркі пра Збаўцу. Калі хрысціянская вера распаўсюдзілася, то многія хрысціяне прыходзілі з далёкіх краін, каб убачыць і паслухаць Маці Божую.

Унебаўзяцце Найсвяцейшай Маці Божай было адзначана цудамі. Сам Госпад з анёламі, азораныя незвычайным святлом, з’явіліся на сустрэчу яе душы. Згодна з воляй Божай Маці, яна была пахавана паблізу Ерусаліма, у Гефсіманскім садзе, у пячоры, дзе былі пахаваны целы яе бацькоў і Іосіфа Абручніка. Ад дотыку да ложка Божай Маці сляпыя пачыналі бачыць, дэманы выганяліся і ўсялякая хвароба вылечвалася. На трэці ж дзень, калі апостал Фама, які не паспеў на пахаванне, прыйшоў да гроба і папрасіў яго адкрыць, каб развітацца з Багародзіцай, аказалася, што цела святой Марыі ўжо не было ў грабніцы. Тут ляжала толькі яе адзенне, ад якога зыходзіла дзіўная духмянасць.

Праваслаўная Царква верыць, што Маці Божая ўваскрэсла на трэці дзень пасля свайго Успення – падобна таму, як некалі ўваскрос і яе Сын, і ўзнеслася цялесна на неба – падобна да таго ж, як на саракавы дзень пасля Уваскрасення ўзнёсся на Елеонскай гары Ісус. У гэтым паданні заключаецца хрысціянская ісціна аб будучым усеагульным уваскрасенні людзей у дзень Другога Прышэсця Гасподняга, калі, паводле слоў апостала Паўла, сам Хрыстос наша ўскрэслае цела «зменіць так, што яно будзе падобна да свайго праслаўленага цела, сілаю, якою ён дзейнічае і пакарае сабе ўсё».

На свята Успення Прасвятой Багародзіцы праваслаўныя святары здзяйсняюць службу ў блакітных уборах. Святочнае богаслужэнне пачынаецца напярэдадні і праходзіць у выглядзе ўрачыстай усяночнай з літыяй. На наступную раніцу – у самы дзень Успення – служыцца Боская Літургія. Царква праслаўляе Маці Божую, якая прыняла пад сваю апеку ўвесь род чалавечы і хадайнічае за яго перад Богам. На трэці дзень здзяйсняецца абрад пахавання плашчаніцы. Гэта плашчаніца падобная да той плашчаніцы Хрыста, якую можна бачыць у праваслаўных храмах на Страснай седміцы, аднак яна паказвае ўжо не Госпада, а Маці Божую, якая ляжыць у магіле.

Раней існавала народная традыцыя: у дзень Успення ў храм прыносілі насенне і каласы для бласлаўлення і асвячэння, а на полі пакідалі трохі нязжатых каласоў. Такім чынам, жняцы спадзяваліся вярнуць зямлі сілу, растрачаную ёю на вырошчванне ўраджаю.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая