Рус Бел Eng 中文

Прэм’ерай спектакля «Жоўты пясочак» адкрые новы тэатральны сезон Магілёўскі абласны драмтэатр

Прэм’ерай спектакля «Жоўты пясочак» адкрые новы 131-ы тэатральны сезон Магілёўскі абласны драмтэатр. Паказы адбудуцца 14-16 верасня, паведамілі карэспандэнту сайта ў адміністрацыі ўстановы культуры.

Пастаноўку па творы Васіля Быкава будзе ставіць малады рэжысёр, студэнтка Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў (Санкт-Пецярбург) Каміля Хусаінава. «У сакавіку 2018 года разам з артыстамі нашага тэатра яна стварыла эскіз спектакля ў рамках майстэрні маладой рэжысуры XIII Міжнароднага моладзевага тэатральнага форуму «М.@rt.кантакт», – адзначылі суразмоўцы. – Вынік быў прыхільна прыняты гледачамі, заслужыў пазітыўную ацэнку экспертаў. Кіраўніцтва тэатра запрасіла Камілю працягнуць распачатую працу і паставіць у 131-м сезоне паўнавартасны спектакль на малой сцэне».

Як гаворыцца ў анатацыі да спектакля «Жоўты пясочак», дзеянне адбываецца ў Беларусі ў 30-я гады, у разгар рэпрэсій. Героі – розныя людзі: партыец-бальшавік з рабочых, селянін, паэт, крымінальнік, былы белагвардзеец, чэкіст. Іх вязуць на машыне ад турмы НКУС у сасновы лес, каб там расстраляць. Пашчасціць смертнікам выратавацца, ці будуць яны супраціўляцца сістэме або пакорліва пойдуць на забой? «Трагедыя, расказаная Васілём Быкавым, – прыклад з мільёнаў падобных крывавых гісторый. Што стала іх прычынай, як выправіць памылкі мінулага і не дапусціць паўтарэння катастрофы? Нехта спытае: «Навошта варушыць старое?». Усё проста: каб «людзьмі звацца», – заўважылі суразмоўцы.

Гэта трэцяя пастаноўка па творах Васіля Быкава ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры. У 1972 годзе выйшаў спектакль «Сотнікаў» (рэжысёр Ю. С. Собалеў, мастак М. М. Волахаў, быў паказаны 14 разоў). У 2009 годзе рэжысёр Віктар Куржалаў паставіў баладу «... і Вера» паводле рамана «Кар’ер», якая была паказана 17 разоў і цяпер не ідзе.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая