Каля 80% квіткоў на XIII Міжнародны моладзевы тэатральны форум «М.@rt.контакт-2018» гледачы раскупілі ў першыя пяць дзён продажу. Аб гэтым паведаміў сёння падчас прэс-канферэнцыі дырэктар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Андрэй Новікаў.

Ён заўважыў, што ў гэтым годзе актывізавалася рэалізацыя білетаў праз інтэрнэт. У выніку да пачатку фэсту ў касах засталіся лічаныя білеты.
Па словах Андрэя Новікава, сёлетні фестываль афіцыйна набудзе спаборніцкую нотку. Акрамя традыцыйнага глядацкага галасавання за найлепшую пастаноўку з дапамогай кантрамарак, будуць абраны спектаклі, якім прысвояць званне «Падзея форуму» па версіі прафесійных крытыкаў і, асобна, моладзевай рэдакцыі фэсту.

Дарэчы, пачынаючыя тэатральныя журналісты ўжо разгарнулі актыўную работу па асвятленні мерапрыемстваў фестывалю ў сацыяльных сетках. Яны плануюць аператыўна размяшчаць навіны, фатаграфіі і відэа аб форуме ў інтэрнэце, а таксама выдаваць і распаўсюджваць сярод удзельнікаў і гасцей буклет аб «М.@rt.кантакце». Яго можна будзе спампаваць у вольным доступе і на сайце Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра.
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Кацярына Музычэнка дадала, што за 12 гадоў правядзення форум стаў адной з самых значных і чаканых культурных падзей не толькі ў Магілёве, але і ва ўсёй тэатральнай прасторы Беларусі. За ўсе гады на фестывалі было паказана 190 спектакляў з 20 краін. Іх паглядзела больш за 40 тыс. гледачоў. Штогод на «М.@rt.кантакт» прыязджаюць прызнаныя майстры тэатральнай крытыкі, многія – пастаянныя госці форума. У іх ліку Таццяна Арлова, Людміла Грамыка (Беларусь), Марыя Танана (Літва), Ірына Лапо (Польшча) і іншыя.

Гаворачы аб значнасці моладзевага тэатральнага форуму, Таццяна Арлова падкрэсліла, што правядзенне падобных фестываляў, у першую чаргу, падымае імідж Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, які выступае адным з арганізатараў «М.@rt.кантакта». Прафесійны ўзровень трупы расце, а тэатр займае добрыя пазіцыі сярод аналагічных рэгіянальных устаноў культуры. Не менш важны фестываль для горада. Гэта адно з брэндавых мерапрыемстваў Магілёва, дзякуючы якому аб горадзе на Дняпры ведаюць жыхары іншых дзяржаў. «Нямала езджу ў іншыя краіны, – распавяла крытык. – І хоць у нас ёсць іншыя, не менш значныя міжнародныя тэатральныя фестывалі, напрыклад, «Белая вежа», калегі часцей за ўсё пытаюцца аб «М.@rt.кантакце».

Таццяна Арлова адзначыла жывую атмасферу форуму, якая адрознівае яго ад многіх традыцыйных, прафесійна складзеную праграму. «Крытыкі заўсёды рвуцца ў Магілёў на фестываль, таму што ведаюць: менавіта тут убачаць нешта новае і незвычайнае, бо адносна маленькаму тэатру ў невялікім горадзе атрымліваецца вось ужо які год збіраць на тыдзень максімальную колькасць цікавых і таленавітых людзей», – канстатавала яна.
XIII Міжнародны моладзевы тэатральны форум «М.@rt.кантакт – 2018» стартаваў сёння ў Магілёве. У фармаце фэсту плануецца паказ 22 спектакляў 21 тэатра з 8 краін свету: Беларусі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны. Афіша форуму здзіўляе жанравай разнастайнасцю пастановак: драма, трагікамедыя, псіхалагічны трылер, камедыя-прытча, тэатральнае кабарэ, сучасны танец, новая драма, гісторыі для раяля, навелы, расказаныя мовай цела, сямейныя ўспаміны, горкая камедыя. Большая частка спектакляў – намінанты і лаўрэаты міжнародных і тэатральных прэмій.

Заснавальнікамі фестывалю з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт і Магілёўскі абласны драматычны тэатр.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 14:27
Магілёўскі абласны драматычны тэатр 25 і 26 жніўня прадставіць прэм’еру спектакля «Гэта ўсё яна»
20.08.2020 - 10:25
Арт-праект «Мастацтва XXI стагоддзя без маскі» адкрыўся ў Магілёве
13.08.2020 - 11:43
Тэатр паэзіі Мінскага гарадскога аддзялення СПБ адкрые чарговы сезон на свяце ў Бялынічах
12.08.2020 - 14:34
23.07.2020 - 11:21
23.07.2020 - 11:07