Рус Бел Eng 中文

Прыдняпроўская птушкафабрыка атрымае фінансавую падтрымку для папаўнення абаротных сродкаў

Кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкама зацікаўлена ў хуткім фінансавым аздараўленні РУСВП «Прыдняпроўская птушкафабрыка» (Магілёўскі раён). Пра гэта заявіў падчас суботняй прамой тэлефоннай лініі з насельніцтвам Магілёўскай вобласці старшыня аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі.

Былы работнік птушкафабрыкі, жыхар вёскі Раманавічы Магілёўскага раёна Георгій Германовіч у гутарцы з губернатарам выказаў заклапочанасць вельмі складанай фінансавай сітуацыяй на прадпрыемстве. Ён звярнуўся да кіраўніка вобласці з просьбай аб прыняцці больш эфектыўных мер па вываду птушкафабрыкі на стабільную працу.

У сваю чаргу Уладзімір Даманеўскі выказаў словы падзякі за такую актыўную грамадзянскую пазіцыю мясцовага жыхара і пагадзіўся, што ў цяперашні час эканамічная сітуацыя на прадпрыемстве вельмі няпростая, а змена некалькіх кіраўнікоў не дала чаканага выніку. Разам з тым фабрыка знаходзіцца ў стадыі санацыі (фінансавага аздараўлення), ёй аказана падтрымка па набыцці маладняку птушкі і будзе аказана фінансавая дапамога ў памеры Вr800 тыс. на папаўненне абаротных сродкаў для вядзення бягучай дзейнасці і далейшага развіцця.

«Цяпер на фабрыцы, як і ў цэлым па вобласці, назіраецца рост вытворчасці яйка, яно паступае ў гандлёвую сетку і паспяхова рэалізуецца. У перспектыве тут плануюць арганізаваць продаж спажыўцам і сутачных куранят. Гэта значыць, прымаюцца ўсе неабходныя меры па эканамічным аздараўленні работы прадпрыемства. Мы ў гэтым зацікаўлены і будзем рабіць усё магчымае, каб захаваць вытворчасць і працоўны калектыў, стварыць тут умовы для нармальнай працы і забяспечыць належную зарплату", – падкрэсліў Уладзімір Даманеўскі.

Ён прапанаваў Георгію Германовічу асабіста сустрэцца і выслухаць яго прапановы па паляпшэнні работы прадпрыемства, у тым ліку тыя, што датычацца кадравай палітыкі.

Падчас прамой тэлефоннай лініі з губернатарам змаглі пагутарыць 26 чалавек. Большасць пытанняў традыцыйна закранулі сферы ЖКГ і будаўніцтва. Так, шмат зваротаў датычылася рамонту дарог у сельскіх населеных пунктах Магілёўскага, Быхаўскага, Шклоўскага раёнаў. Сем званкоў паступіла ад забудоўшчыкаў дома па вуліцы Грунвальдскай, 14 Магілёва з прэтэнзіямі да якасці выкананых будаўнікамі работ па нядаўна ўведзенаму ў эксплуатацыю аб'екту.

Усе звароты ўзяты на кантроль упраўленняў, камітэтаў і аддзелаў аблвыканкама, некаторыя праблемы вырашаны падчас гутаркі, а па некаторых зваротах кіраўнік вобласці зрабіў канкрэтныя даручэнні і ўзяў іх на асабісты кантроль. Да прыкладу, ён даручыў у самыя кароткія тэрміны адрамантаваць і прывесці ў парадак дарогу, якая вядзе да гарадскіх могілак у в. Цішоўка Магілёўскага раёна, у трохдзённы тэрмін пачысціць калодзеж у вёсцы Вялікае Зубава ў Круглянскім раёне, а таксама ў самы бліжэйшы час падсыпаць і адгрэйдаваць дарогу ў в. Карзуны Шклоўскага раёна.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая