Рус Бел Eng 中文

Прыпынак у Глушы стане даведнікам па месцах жыцця і творчасці Алеся Адамовіча

У павільёне прыпынку грамадскага транспарту «Глуша» на Кастрычніцкай вуліцы ў цэнтры пасёлка Глуша (Бабруйскі раён) з’явіўся партрэт Алеся Адамовіча і цытата з яго ўспамінаў. Пра гэта паведаміў аўтар ідэі бабруйчанін Андрэй Архіпенка.

Ідэя аформіць прыпыначны пункт у «адамовіцкім» стылі нарадзілася яшчэ ў сакавіку, каб папулярызаваць месца, дзе прайшло дзяцінства будучага пісьменніка, і прыцягнуць у невялікі пасёлак у Бабруйскім раёне турыстаў. Яе падтрымалі мясцовыя ўлады. «Мы пачалі з конкурсу ідэй, якія затым генераваў і ўвасобіў у жыццё вядомы мінскі мастак Аляксандр Благі, – расказаў аўтар ідэі. – Унутры прыпыначнага павільёна ён намаляваў партрэт Алеся Адамовіча, а побач размясціў цытату з успамінаў пісьменніка пра Глушу. Усё гэта на фоне сімвалічнага лесу, які асацыіруецца з партызанскім рухам, бо пра гэта шмат пісаў Алесь Адамовіч».

На вонкавым боку прыпыначнага павільёна размешчана карта Беларусі, дзе асабліва выдзелены пасёлак Глуша, а зверху надпіс: «прыпынак Адамовiча». Гэты прыпынак плануецца зрабіць своеасаблівым нулявым кіламетрам, ад якога будуць паказальнікі да дома, дзе некаторы час жыў Алесь Адамовіч, вуліцы, названай у яго гонар, да могілак, дзе ён пахаваны, да помніка, іншых месцаў, звязаных з пісьменнікам. «Усё гэта робіцца для таго, каб нават турысты-адзіночкі змаглі самастойна прайсціся па«адамовіцкіх»месцах і не заблудзіцца», – адзначыў Андрэй Архіпенка.

Работы па афармленні прыпыначнага пункта завяршыліся на мінулых выхадных. 6 кастрычніка ў межах рэгіянальнага фестывалю народнай творчасці і рамёстваў «Глушанскi хутарок» пройдзе яго прэзентацыя, а затым экскурсія па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю Алеся Адамовіча.

Паводле слоў Андрэя Архіпенкі, афармленне прыпыначнага пункта – гэта адна з акцый па ўшанаванні памяці пісьменніка, фіналам якой павінна стаць стварэнне цэлага музейнага комплексу, прысвечанага Алесю Адамовічу. З дапамогай спонсараў і неабыякавых людзей ужо сабраны сродкі і на бюст пісьменніка. Аўтар эскіза – вядомы скульптар Генік Лойка. Помнік Алесю Адамовічу плануецца вырабіць і паставіць у Глушы у 2019 годзе, а пакуль ідзе афармленне і ўзгадненне неабходнай дакументацыі.

У Бабруйскім раёне таксама працягваецца акцыя «Створым музей разам» па зборы сродкаў на стварэнне ў Глушы музея пісьменніка. Жадаючыя дапамагчы ў гэтай добрай справе могуць зайсці на сайт Бабруйскага райвыканкама, дзе ёсць адпаведны банер і рэквізіты для пералічэння сродкаў на дабрачынны рахунак.

Алесь Адамовіч нарадзіўся ў в. Конюхі (Мінская вобласць). Але дзяцінства і юнацтва правёў у п. Глуша Бабруйскага раёна, куды пераехалі жыць і працаваць яго бацькі. Ён скончыў філфак Белдзяржуніверсітэта, а затым маскоўскія курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў. Працаваў у Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР, дырэктарам Усесаюзнага НДІ кінематаграфіі ў Маскве. Друкаваўся як крытык, празаік і публіцыст. Творы Адамовіча перакладзены на 21 мову. Ён напісаў кінасцэнары да такіх вядомых фільмаў, як «Вайна пад стрэхамі» (1967), «Сыны ідуць у бой», «Ідзі і глядзі» і іншых. Памёр ад інфаркту 26 студзеня 1994 года. Пахаваны ў п. Глуша.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая