Радыё «Зефір FM» 6 мая пачне вяшчанне ў Бабруйску, як паведаміў галоўны рэдактар медыяхолдынга “Бабруйскае жыццё” Вадзім Шчыглоў.
Працаваць новае радыё будзе на частаце 95,4 FM 24 гадзіны сем дзён на тыдзень. У гэтым жа фармаце яно стане даступным жыхарам Асіповіцкага, Кіраўскага і Глускага раёнаў, бо радыус распаўсюджвання гукавога сігналу ахоплівае не толькі Бабруйск, але і 50 км ад горада.
Рэгіянальнае FM-радыё па аснашчэнні не адстае ад «Юністар», «Рокс», «Новага радыё». Радыёстанцыя ўкамплектавана адпаведным апошнім сусветным тэндэнцыям абсталяваннем. Яго магчымасці дазваляюць адначасова выдаваць у эфір некалькі праграм. Увесь шлях фарміравання гукавога сігналу – ад мікрафона і пульта да перадатчыка – лічбавы, што цалкам выключае якія-небудзь скажэнні і забяспечвае высокую якасць трансляцыі.
Яшчэ адно тэхнічнае дапаўненне – вяшчанне ў прамым эфіры ў сетцы Інтэрнэт. «Слухаць радыёстанцыю можна будзе ў любым пункце свету, – сказаў Вадзім Шчыглоў. – Акрамя таго, яна будзе працаваць у інтэрактыве: мы арганізуем каналы тэлефоннай, смс- і інтэрнэт-сувязі».
У хуткай будучыні ёсць планы ўсталяваць рэтрансляцыйныя станцыі. Існуючы комплекс тэхнічнага абсталявання дазваляе распаўсюджваць сігнал у тыя населеныя пункты, дзе ўсталяваны мачты вяшчання, таму ахапіць усю Магілёўскую вобласць больш чым рэальна, як канстатаваў Вадзім Шчыглоў.
У эфіры «Зефір FM» будуць ісці як інфармацыйныя праграмы «Рэчы ў сабе», «Горад у дэталях», так і музычная лінейка. У «Хіт-чарце» – меламаны даведаюцца пра музыку, якую слухаюць у Маскве, «Рэтра-Zефір» будзе трансляваць голд-хіты. Своеасаблівым галоўным нумарам стане праграма «Начны парцье». У ёй вядучыя будуць падымаць нетрывіяльныя тэмы, у якіх дапаможа разабрацца псіхолаг. Запланаваны і перадачы з каларытнымі назвамі «Таки здравствуйте», «Шалом». На думку суразмоўцы, бабруйскаму радыё пашанцавала: яно запусціцца падчас летняга раскладу, а значыць, да восені вялікая частка праграм будзе забаўляльная, сакавітая і сонечная.
Каментуючы гісторыю ўзнікнення назвы радыё, Вадзім Шчыглоў адзначыў, што яно не мае дачынення да вядомага ў Бабруйску вытворцы кандытарскіх вырабаў, але нароўні з ім будзе праслаўляць горад, ствараючы смачны лёгкі прадукт на FM-хвалях. «Хацелася лёгкасці і ў той жа час экспрэсіі, – сказаў суразмоўца. – Назва павінна была асацыявацца з Бабруйскам і абавязкова ствараць адмысловы настрой. Таму аптымальным варыянтам стаў «Зефір FM». Акрамя свежага і смачнага ладу, у назве, калі адкінуць літару Z, чытаецца слова «эфір».
Першы дзень «Зефір» у эфіры адзначыцца грандыёзным канцэртам. Напярэдадні Дня радыё на плошчы Леніна ў Бабруйску выступяць вядомыя беларускія гурты – J-Moрс, Skynet, «Дразды», мясцовыя калектывы і выканаўцы. Якія прыйшлі на свята пазнаёмяцца з галоўнымі героямі медыйнага праекта – дыджэямі.
Правадное радыё ў Бабруйску працавала ў пасляваенныя гады. Спачатку як асобны СМІ, а з 70-х у складзе газеты «Камунiст» (цяпер «Бабруйскае жыццё»). У 2006 годзе штат рэдакцыі павялічыўся амаль удвая, вырасла колькасць уласных праграм. Аднак у сувязі з аптымізацыяй праваднога вяшчання са студзеня 2017 года Бабруйскае гарадское радыё спыніла цалкам выхад у эфір. «Зефір FM» таксама з’яўляецца часткай медыяхолдынга “Бабруйскае жыццё”, які, акрамя гарадской газеты, уключае сайт і навінны праект «Сёння ў Бабруйску», трансляваны на канале «Беларусь 4».
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 14:27
Магілёўскі абласны драматычны тэатр 25 і 26 жніўня прадставіць прэм’еру спектакля «Гэта ўсё яна»
20.08.2020 - 10:25
Арт-праект «Мастацтва XXI стагоддзя без маскі» адкрыўся ў Магілёве
13.08.2020 - 11:43
Тэатр паэзіі Мінскага гарадскога аддзялення СПБ адкрые чарговы сезон на свяце ў Бялынічах
12.08.2020 - 14:34
23.07.2020 - 11:21
23.07.2020 - 11:07