Рус Бел Eng 中文

Рэспубліканская акцыя «Не спальвай сваё жыццё» пройдзе ў Магілёўскай вобласці з 14 лістапада па 1 снежня

Рэспубліканская акцыя «Не спальвай сваё жыццё» пройдзе ў Магілёўскай вобласці з 14 лістапада па 1 снежня. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміла старшы інспектар Цэнтра прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

Традыцыйна галоўнай мэтай мерапрыемства з’яўляецца папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх. Толькі за 10 месяцаў бягучага года ў нашым рэгіёне адбылося 568 узгаранняў, якія забралі жыцці 47 чалавек. Большасць трагедый адбылася па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём, як правіла, пры курэнні. 93% з ліку загінулых знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

«Практычна ўсе трагічныя выпадкі падобныя адзін на аднаго: да жаласных наступстваў нязменна прыводзіць злашчасны ланцужок «выпіў – закурыў – заснуў», – адзначыла суразмоўца. – Чалавек у нецвярозым стане не здольны адэкватна ўспрымаць рэчаіснасць і, як следства, пазбаўлены інстынкту самазахавання. Вось і засынаюць курцы, як правіла, моцна «падагрэтыя» спіртным, з цыгарэтай у руках. А ад яе спачатку загараюцца пасцельныя прыналежнасці, а затым і іншая маёмасць у доме ці кватэры. Вінаватыя ў пажары найчасцей гінуць не ад самога агню, а ў выніку атручвання прадуктамі гарэння».

«Дастукацца да кожнага» – менавіта такую задачу паставілі перад сабой ратавальнікі вобласці. Для таго каб ахапіць розныя катэгорыі насельніцтва, прынята рашэнне правесці акцыю ў некалькі этапаў.

Спачатку работнікі МНС разам з актывістамі беларускай моладзевай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных і валанцёрамі будуць працаваць на прыпынках, вакзалах, станцыях, у грамадскім транспарце. 14 лістапада яны раскажуць жыхарам рэгіёна аб небяспецы курэння ў ложку і раздадуць інфармацыйныя ўлёткі.

На другім этапе – з 15 па 22 лістапада – тэматычныя дні інфармавання пройдуць на прамысловых прадпрыемствах, у арганізацыях, санаторыях і ўстановах аховы здароўя, пунктах грамадскага харчавання. Ратавальнікі абазначаць аператыўнае становішча з пажарамі і спыняцца на асноўных правілах бяспекі. Акцэнт будзе зроблены на здарэннях, ад якіх у паўсядзённым жыцці не застрахаваны ніхто. Працоўным калектывам раскажуць, як іх пазбегнуць, і абмяркуюць асноўныя прычыны ўзнікнення, нагадаюць алгарытм дзеянняў у экстрэмальных абставінах.

Удзел у акцыі прымуць студэнты. Праца ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах будзе весціся з 23 па 28 лістапада. Запланаваны лекцыі, а таксама тэматычныя фестывалі каманд КВЗ, конкурсы, дыскатэкі.

Фінальныя мерапрыемствы акцыі адбудуцца 29 лістапада – 1 снежня ў месцах масавага знаходжання людзей: на адкрытых пляцоўках, рынках, у буйных гандлёвых цэнтрах. У праграме: выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці і актывістаў БМГАВП, дэманстрацыя тэматычных фільмаў, віктарыны, жывыя зносіны з гледачамі, падарункі і шмат іншых прыемных сюрпрызаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая