Рус Бел Eng 中文

Савет маладых спецыялістаў можа з’явіцца ў Магілёўскай вобласці

Савет маладых спецыялістаў можа з’явіцца на Магілёўшчыне. З такой ініцыятывай выступіў старшыня аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі, адкрываючы двухдзённы форум маладых спецыялістаў, якія атрымалі ў 2017 годзе першае працоўнае месца ў Прыдняпроўскім краі. Мерапрыемства стартавала 23 лістапада на базе дзяржаўнага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К. П. Арлоўскага ў Магілёўскім раёне.

Ва ўстанове адукацыі сабраліся каля 100 супрацоўнікаў прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу, арганізацый сацыяльнай і вытворчай сферы. Звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, а ў іх асобе да ўсіх учарашніх і будучых выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, Уладзімір Даманеўскі адзначыў, што матываваная і адукаваная моладзь – гэта стратэгічны рэсурс развіцця любой краіны, паколькі за ёй будучыня дзяржавы. «Магчыма, мы ведаем не ўсе праблемы, з якімі сутыкаецца новы супрацоўнік на сваім першым працоўным месцы, – сказаў губернатар. – Савет маладых спецыялістаў стане для кіраўнікоў усіх узроўняў своеасаблівай інфармацыйнай пляцоўкай, дзе можна будзе даведацца пра тое, чым сёння жыве моладзь, што яе турбуе і дзе трэба яшчэ папрацаваць. Моладзі ж такое аб’яднанне надасць больш упэўненасці, гарантый і значнасці». Адной з форм работы Савета могуць стаць круглыя сталы, падчас якіх будуць абмяркоўвацца актуальныя пытанні, праходзіць абмен думкамі і вопытам рашэнняў праблемных сітуацый.

Уладзімір Даманеўскі адзначыў, што сёння дзяржава шмат робіць для падтрымкі юнакоў і дзяўчат. «Малады спецыяліст у нашай краіне мае права атрымаць першае, можа, не зусім камфортнае, на яго думку, працоўнае месца. І гэта дорага каштуе, – падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама. – Ва ўмовах рыначнай эканомікі перамагае наймацнейшае прадпрыемства і грамадзянін, які прыкладае свае веды, вопыт, сілы, старанні. Наймальнікі ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі імкнуцца ўзяць людзей з падрыхтоўкай. У гэтай сітуацыі на дапамогу прыходзіць дзяржава: моладзь атрымлівае стартавую пляцоўку для прафесійнага станаўлення і далейшага кар’ернага росту, месца, з якога можна ўвайсці ў самастойнае жыццё, уладкавацца».

Гаворачы аб замацаванні маладых спецыялістаў на месцах, Уладзімір Даманеўскі адзначыў, што ў апошнія гады ў Магілёўскай вобласці заўважылася нядрэнная тэндэнцыя. «Моладзь пасля завяршэння навучальнай установы больш уважліва ставіцца да першага працоўнага месца, шануе яго, становіцца сацыяльна адказнай, думае пра заўтрашні дзень», – канстатаваў ён.

Уладзімір Даманеўскі пажадаў маладым спецыялістам прыкласці максімум намаганняў, каб стаць патрэбнымі і паспяховымі ў сваёй сферы, дамагчыся аўтарытэту сярод калег. «Гэта няпросты шлях, які патрабуе самааддачы і ўпартай працы, – сказаў кіраўнік Прыдняпроўскага краю. – Працуйце сумленна і добрасумленна выконвайце свае прафесійныя абавязкі, прапануйце крэатыўныя ідэі і цікавыя праекты. Вас абавязкова пачуюць, заўважаць і акажуць падтрымку».

Працягнуўся форум зносінамі маладых спецыялістаў са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама ў фармаце адкрытага дыялогу. Падчас гутаркі быў закрануты шэраг важных пытанняў, якія тычацца забеспячэння маладых спецыялістаў жыллём, матэрыяльнага стымулявання, арганізацыі вольнага часу і інш.

Арганізатары форуму падрыхтавалі для ўдзельнікаў насычаную праграму. Маладыя людзі ўжо наведалі з экскурсіяй студэнцкі гарадок і музей пад адкрытым небам агралесатэхнічнага каледжа, пазнаёміліся з адукацыйным працэсам і распарадкам, усклалі кветкі на мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле», прагуляліся па заасадзе. Праграмай першага дня таксама было запланавана наведванне філіяла «Сервалюкс Агра» СЗАТ «Сервалюкс» у Магілёўскім раёне, праца ў зонах актыўнасці ў моладзевым цэнтры каледжа.

24 лістапада форум працягне працу па трох секцыях: «Ад сэнсу да дзеянняў: прыклады натхняюць», «Я – будучы кіраўнік» і «Крэатыўныя праекты – спосаб актывізацыі дзейнасці моладзі». Пасля арганізатары прапануюць жадаючым прыняць удзел у акцыі ўдзячнасці «Дзякую». Паштоўкі з цёплымі словамі на адрас любога чалавека размесцяць на спецыяльнай выставе, а затым адправяць атрымальнікам. У гэты ж дзень адбудзецца закрыццё форуму, дзе будуць падведзены вынікі мерапрыемства.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая