Саюзы жанчын Магілёўскай і Тульскай абласцей дамовіліся сумесна развіваць прадпрымальніцкі напрамак. Адпраўным пунктам стане ўдзел у выставах-кірмашах, якія два разы на месяц арганізуе Тульская гандлёва-прамысловая палата. Бакі маюць намер пад агульны брэнд, які сімвалізуе якасць, сумесна выстаўляць у расійскім горадзе прадукцыю, вырабленую жанчынамі-прадпрымальнікамі, рамеснікамі, прадпрыемствамі, якія ўзначальваюць прадстаўніцы прыгожага полу.

«Сёння Беларускі саюз жанчын традыцыйна рэалізуе сацыяльныя праекты, накіраваныя на падтрымку сем’яў, у тым ліку малазабяспечаных, дзяцей, інвалідаў, пажылых людзей. Аднак сучасныя рэаліі гавораць пра тое, што наша арганізацыя павінна падключыцца і да пытанняў жаночага прадпрымальніцтва», – адзначыла намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, старшыня Беларускага саюза жанчын Марыяна Шчоткіна.
Паводле яе слоў, цяпер жанчыны змяніліся, імкнуцца да фінансавай самастойнасці. Яны ўсё больш праяўляюць сябе ў камерцыйнай сферы, паколькі не ўсе наймальнікі могуць прапанаваць гнуткі графік працы. А для паспяховага старту побач патрэбны той, хто ўжо рэалізаваўся, стаў на ногі і можа падказаць, як рухацца ў правільным кірунку. «Прынята рашэнне стварыць у структуры БСЖ жаночую сетку, якая дапамагала б на кожным этапе тым, хто жадае пачаць сваю справу, – заўважыла Марыяна Шчоткіна. – У гэтых адносінах сумесны ўдзел беларускіх і расійскіх жанчын у кірмашах-выставах дасць магчымасць рэалізавацца на пачатковым этапе, паказаць сваю творчасць і напрацоўкі, а таксама адрадзіць традыцыі вырабу адзінкавых рэчаў, напрыклад, карункапляценне».

Дэлегацыя Тульскага абласнога аддзялення грамадскай арганізацыі «Саюз жанчын Расіі» знаходзіцца ў Магілёўскай вобласці з двухдзённым візітам, мэтай якога з’яўляецца ўсебаковае азнаямленне з рэгіянальным вопытам работы беларускага жаночага руху. Праграмай запланавана наведванне аб’ектаў аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай і культурнай сфер, прамысловасці горада на Дняпры і Шклоўскага раёна.
Адным са знакавых момантаў стала падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Тульскай абласной грамадскай арганізацыяй «Саюз жанчын Расіі» і Магілёўскай абласной грамадскай арганізацыяй «Беларускі саюз жанчын». Свае подпісы пад дакументам паставілі кіраўнікі аб’яднанняў Таццяна Лысенка і Інэса Караткевіч. Бакі дамовіліся падтрымліваць пастаянныя кантакты, рэгулярна абменьвацца інфармацыяй аб рабоце, новых ідэях, планах, найлепшых практыках ва ўсіх сферах дзейнасці, а таксама каардынаваць свае дзеянні падчас удзелу ў міжнародных мерапрыемствах.

«Калі мы гаворым пра Саюзную дзяржаву, яднанні народаў Беларусі і Расіі, нельга забывацца на тое, што важным складнікам супрацоўніцтва з’яўляюцца не толькі пагадненні паміж прадпрыемствамі, заканадаўчай уладай, але і грамадскімі аб’яднаннямі, – падкрэсліла Марыяна Шчоткіна. – У палітыцы заўсёды існуюць рознагалоссі, робяцца крокі для пастаяннага пошуку кансенсусу, а жанчын усяго свету аб’ядноўваюць адны інтарэсы – мір, здароўе, сям’я, дзеці, стабільнасць і бяспека. Усе гэтыя каштоўнасці з’яўляюцца закладам моцнага ўзаемавыгаднага партнёрства любога ўзроўню».

Старшыня Беларускага саюза жанчын падкрэсліла важнасць развіцця дружалюбных адносін на рэгіянальным узроўні. «Сёння жаночыя арганізацыі практычна ўсіх абласцей нашай краіны імкнуцца да ўстанаўлення цесных ўзаемаадносінах з аналагічнымі саюзамі ў Расіі, – канстатавала Марыяна Шчоткіна. – У нас прапрацоўваецца шмат сумесных праектаў і ідэй, якія абавязкова будуць рэалізаваны».
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 15:35
19.08.2020 - 15:25
18.08.2020 - 20:45
У Магілёве прайшоў мітынг у падтрымку міру, бяспекі і спакою. Відэа
18.08.2020 - 14:02
COVIND-19 і другая хваля: калі чакаць? Адказвае эпідэміёлаг Ірына Бас
17.08.2020 - 11:28
14.08.2020 - 16:43
ЦВК зацвердзіла вынікі выбараў: Прэзідэнтам выбраны Аляксандр Лукашэнка