Рус Бел Eng 中文

Сем прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці атрымалі ўзнагароды конкурсу «Найлепшы экспарцёр 2017 года»

Сем прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці атрымалі ўзнагароды конкурсу «Найлепшы экспарцёр 2017 года». Тры з іх сталі пераможцамі ў асноўных намінацыях, яшчэ чатыры адзначаны заахвочвальнымі дыпломамі , паколькі набралі максімальна блізкую да лідараў колькасць балаў і паказалі выдатныя вынікі ў экспарце прадукцыі і паслуг.

У прыватнасці, найлепшымі прызнаны: у намінацыі «Цэлюлозна-папяровая прамысловасць» – ААТ «Папяровая фабрыка «Спартак»»; у катэгорыі «Дрэваапрацоўчая і мэблевая вытворчасць» – ЗТАА «Кроноспан ОСБ»; у намінацыі «Малочная прамысловасць» – ААТ «Бабушкина крынка» – кіруючая кампанія холдынгу «Магілёўская малочная кампанія «Бабушкина крынка»».

Заахвочвальнымі дыпломамі ўзнагароджаны: у намінацыі «Вытворчасць бытавых тавараў для насельніцтва» – адкрытае акцыянернае таварыства «Ольса»; у катэгорыі «Цэлюлозна-папяровая прамысловасць – рэспубліканскае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Завод газетнай паперы»; у намінацыі «Дрэваапрацоўчая і мэблевая вытворчасць» – замежнае таварыства з абмежаванай адказнасцю «ВМГ Індустры»; у намінацыі «Электроніка, прыборабудаванне, электратэхнічная і оптыка-механічная прамысловасць» – адкрытае акцыянернае таварыства «Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання».

Урачыстая цырымонія штогадовага рэспубліканскага конкурсу прайшла ў Малой зале Палаца Рэспублікі. Усяго заслужаныя ўзнагароды атрымалі 22 «Найлепшыя экспарцёры 2017 года». Яшчэ 34 былі адзначаны заахвочвальнымі дыпломамі.

«У фінальную частку конкурсу выйшла 160 прадпрыемстваў, – адзначыў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч. – Пераможцы выбраны ў 22 намінацыях. Варта падкрэсліць, што ў намінацыі «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў сферы вытворчасці тавараў» (якая доўгі час была самай сціплай) прадстаўлена найбольшая колькасць фіналістаў. І ў несыравінным экспарце малы і сярэдні бізнэс па выніках мінулага года склаў амаль 25%. Гэта сур’ёзны ўклад, і мы бачым, што гэты напрамак будзе і далей развівацца».

Ён таксама паведаміў, што ў найбліжэйшы час у Беларусі збіраюцца прыняць дэкрэт аб падтрымцы экспарцёраў, які на дадзены момант знаходзіцца на стадыі фінальнага ўзгаднення. У дакуменце будуць прапісаны меры па кампенсацыі з дзяржаўнага бюджэту выдаткаў на сертыфікацыю прадукцыі і на ўдзел у галіновых выставах.

Геаграфія экспарту фіналістаў конкурсу «Найлепшы экспарцёр 2017 года» ахапіла 119 краін. Агульны аб’ём экспарту гэтых прадпрыемстваў склаў $11,225 млрд., або 30,3 % ад агульнага аб’ёму экспарту за мінулы год па краіне.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая