Рус Бел Eng 中文

Шэньчжэнская тэатральная трупа кітайскіх опер наведае Магілёў 7 чэрвеня

 

Магілёў з гастролямі 7 чэрвеня наведае Шэньчжэнская тэатральная трупа кітайскіх опер, паведамілі ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры, на сцэне якога плануецца пастаноўка.

Гледачоў пазнаёмяць з традыцыйнымі жанрамі кітайскай оперы: куньцюй, пінцзюй і пекінскай оперы. Са сцэны будзе гучаць нацыянальная кітайская музыка, будуць прадэманстраваны ўнікальныя вакальныя прыёмы, а таксама танцы ў спалучэнні з мовай жэстаў і акрабатыкай, экзатычнымі касцюмамі і сцэнаграфіяй. Акрамя нашага абласнога цэнтра, ў Беларусі тэатральная трупа выступіць толькі ў Мінску.

Опера куньцюй – лакальны жанр традыцыйнай кітайскай музычнай драмы, які таксама лічыцца «маці ўсіх опер». Яна бярэ пачатак у канцы дынастыі Юань і ў пачатку дынастыі Мін. Найбольш характэрнай яе рысай з’яўляецца лірызм, плыўнасць рухаў. Манера ігры па-майстэрску і гарманічна звязвае танец і песню.

Традыцыя пекінскай оперы сфарміравалася ў сярэдзіне XIX стагоддзя, а затым стала кітайскім нацыянальным здабыткам. Яна спалучае музыку, вакальныя партыі, пантаміму, танец і акрабатыку, выступае найважнейшым пасрэднікам у прадстаўленні і распаўсюджванні традыцыйнага кітайскага мастацтва і культуры.

Опера пінцзюй бярэ пачатак у Паўночным Кітаі. Яна атрымала народнае прызнанне, стаўшы адным з папулярных тэатральных жанраў. Яе характарызуюць асаблівая годнасць вакальнага майстэрства, выразнасць вымаўлення, лёгкае для разумення лібрэта. Свабодная і жывая манера оперы пінцзюй аптымальна раскрывае жыццё сучаснага пакалення і таму збірае вялікую колькасць гледачоў.

Арганізатарам гастроляў Шэньчжэнскай тэатральнай трупы кітайскіх опер выступае Кітайскі культурны цэнтр (Мінск).

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая