Рус Бел Eng 中文

Скульптуры майстроў з пяці краін упрыгожаць Магілёў да 750-годдзя

Урачыстае адкрыццё міжнароднага пленэра па скульптуры «Каменная казка», прысвечанага 750-годдзю Магілёва, адбылося ў абласным цэнтры.

У творчым форуме прымалі ўдзел майстры з пяці краін: Джон Гогаберышвілі (Грузія), Рыгор Султан (Малдова), Горан Чпаек (Сербія),  Zhang Jonzgzhene (Кітай), Сяргей Сотнікаў (Віцебск), Уладзімір Панцялееў (Гродна), Ігар Засімовіч (Мінск ). Падораць свае тварэнні роднаму гораду і магілёўцы – Карней Аляксееў, Сяргей Калядзюк, Аляксандр Мінкоў. “Гэта не проста творчыя людзі, а знакамітыя скульптары, добра вядомыя не толькі ў сябе на радзіме, але і за яе межамі”, – адзначыла галоўны спецыяліст аддзела культуры ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама Марына Клепчукова.

Для гасцей правядуць экскурсіі па абласным цэнтры. Іх пазнаёмяць з рознымі куткамі сталіцы Прыдняпроўскага краю. Скульптары пройдуць па вуліцах, ацэняць яго славутыя мясціны і віды, а пасля, на працягу месяца, будуць ажыўляць гранітныя глыбы каменнага гарадка, якія размясцілі ў адным з самых маляўнічых месцаў Магілёва – на набярэжнай ракі Дубравенка. Працаваць майстры будуць на свежым паветры, дзякуючы чаму жыхары абласнога цэнтра змогуць свабодна паназіраць за творчым працэсам.

«Каменная казка» – назва ўмоўная. Яна зусім не азначае, што скульптары створаць чароўныя ілюстрацыі. Будуць глыбокія і філасофскія работы, – падкрэсліла Марына Клепчукова. – Тэма пленэра «Магілёў. Мінулае. Сучаснасць. Будучыня» была агучана ўдзельнікам загадзя. Многія ўжо добра папрацавалі над эскізамі, вывучыўшы гісторыю горада, яго традыцыі. Аднак трэба разумець, што для творчых людзей натхненне ў прыярытэце. І, магчыма, хтосьці, убачыўшы наш Магілёў на свае вочы, зменіць ідэю, зразумеўшы, што менавіта стане сапраўдным упрыгожваннем абласнога цэнтра».

Створаныя рукамі і душамі майстроў работы будуць падарункам да юбілею Магілёва. Асноўную іх частку плануецца размясціць у парку культуры і адпачынку ў Подніколлі, які зараз будуецца.

Арганізатарамі пленэра выступаюць упраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама, упраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая