Рус Бел Eng 中文

Спаборніцтвы сярод вадзіцеляў смеццявозаў упершыню пройдуць у Магілёўскай вобласці

Конкурс прафесійнага майстэрства «Магілёўскі майстар» па прафесіі кіроўца смеццявоза ўпершыню пройдзе ў рэгіёне 19 кастрычніка. Спаборніцтва збярэ каля 20 удзельнікаў – работнікаў прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі з усяго рэгіёна. Спаборніцтвы адбудуцца на базе абласнога «ДТСААФ» (вул. Сіманава, 11) і будуць прымеркаваны да 750-годдзя Магілёва.

Да ўдзелу дапусцяць толькі тэхработнікаў, якія за апошнія 12 месяцаў не былі вінаватымі ў ДТЗ, а таксама не прыцягваліся за парушэнні працоўнай і вытворчай дысцыпліны. На шляху да перамогі ім трэба будзе пераадолець некалькі этапаў: конкурс на веданне правілаў дарожнага руху, праверку ведаў прылад і тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, а таксама самае відовішчнае выпрабаванне – дэманстрацыю навыкаў кіравання аўтамабілем-смеццявозам.

Праверка навыкаў кіравання будзе складацца з праходжання некалькіх элементаў: «габарытная змейка» – паслядоўны рух праз чатыры праезды пярэднім ходам, рух па габарытным тунэлі пярэднім ходам, пастаноўка аўтамабіля заднім ходам у бокс, пад’езд з аднаго тармажэння да «планкі» ў дотык пярэднім бамперам, дыяганальная паркоўка, выкананне пагрузкі кантэйнера. Акрамя таго, сюды ўвойдзе імітацыя тушэння ачага пажару, бо часцяком кіроўцам даводзіцца лакалізаваць узгаранне смецця.

Асабістыя вынікі ўдзельнікаў спаборніцтваў вызначаць па найменшай суме набраных балаў ва ўсіх конкурсах. Канкурсантаў, якія занялі 1, 2 і 3 месцы, узнагародзяць дыпломам пераможцы і грашовай прэміяй, астатніх – дыпломам удзельніка і каштоўным падарункам. Таксама кіраўнікам арганізацый, работнікі якіх сталі пераможцамі спаборніцтваў, будзе рэкамендавана ўстанавіць надбаўкі да тарыфных акладаў за прафесійнае майстэрства ў наступных памерах: за 1 месца – 15%, за 2 месца – 10%, за 3-е – 5%.

Паводле слоў арганізатараў конкурсу, абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў, спаборніцтвы накіраваны на павышэнне прафесійнага майстэрства ўдзельнікаў і прэстыжу прафесіі кіроўцы смеццявоза, паляпшэння навыкаў якаснай эксплуатацыі аўтатэхнікі. «Часта мы не думаем, наколькі важная гэтая прафесія для нармальнага функцыянавання гарадскога асяроддзя, аднак трэба ўсяго толькі адзін дзень работнікам камунальнай службы не выехаць на ўборку смецця, як навакольны пейзаж стане жахлівым», – адзначылі ў абкаме.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая