Рус Бел Eng 中文

Стала вядомай спецыяльная праграма XIII Міжнароднага моладзевага тэатральнага форуму «М.@rt.контакт»

Стала вядомай спецыяльная праграма XIII Міжнароднага моладзевага тэатральнага форуму «М.@rt.контакт». Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры.

Фестываль стартуе 21 сакавіка з паказу і абмеркавання эксперыментальнай пастаноўкі рэжысёра нашага драмтэатра Саўлюса Варнаса «Ліпень» па п’есе сучаснага драматурга Івана Вырыпаева. У гэты ж дзень пройдзе прэс-канферэнцыя з удзелам аргкамітэта, крытыкаў, гасцей форуму. Акрамя таго, у арт-фае драмтэатра адкрыецца выстава вулічных здымкаў маладога фатографа Ігара Галавачова «Гэй, таварыш!». Жыхары Магілёва паўстануць у выглядзе персанажаў і герояў абсурднай п’есы гарадскога жыцця, а ціхія, часта непрыкметныя месцы-дэкарацыі пакажуць характар і ўнікальнасць абласнога цэнтра.

У час форуму таксама адбудуцца майстар-класы, якія дадуць рэжысёры, спецыялісты Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў. Так, Генадзь Трасцянецкі прысвеціць яго акцёрскаму майстэрству, а Ларыса Кавалёва – сцэнічнай мове. У майстэрні маладой рэжысуры Каміля Хусаінава разам з магілёўскімі акцёрамі на працягу тыдня будзе рыхтаваць эскіз спектакля паводле твора Васіля Быкава «Жоўты пясочак». Запланаваны і круглы стол па тэме «Маладая рэжысура. Праблемы прафесійнай самарэалізацыі».

Не адмовяцца ў гэтым годзе і ад штодзённых прэс-канферэнцый, дзе будуць абмяркоўваць прагледжаныя спектаклі тэатральныя крытыкі, удзельнікі і госці фестывалю, гледачы і прадстаўнікі СМІ.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая