Рус Бел Eng 中文

Старшакласнікі з Магілёўскай вобласці возьмуць удзел у самым вялікім інтэрактыўным уроку ў краіне

Другі этап рэспубліканскага конкурсу для навучэнцаў 10-х і 11-х класаў velcom YOUTH пачнецца з самага вялікага ўрока ў краіне. Ужо ў гэтую суботу 24 лістапада першы інтэрактыўны майстар-клас «майстэрства прэзентацыі» адначасова аб’яднае старшакласнікаў па ўсёй Беларусі. Ён пройдзе ў самай вялікай зале кінатэатра velcom cinema VOKA. Удзел у майстар-класе прыме больш за 200 старшакласнікаў школ, гімназій і ліцэяў Мінска, а таксама больш за 800 зарэгістраваных удзельнікаў конкурсу з 236 навучальных устаноў Беларусі.

Самы актыўны ўдзел у праекце ў Магілёўскай вобласці прыняў Магілёўскі абласны ліцэй №2, дзе зарэгістраваліся 23 вучні. Менавіта ў гэтай навучальнай установе 24 лістапада будзе арганізаваны «філіял» самага вялікага ўрока ў краіне – у шосты школьны дзень вучні збяруцца, каб паглядзець анлайн-трансляцыю і з дапамогай інтэрактыўных сэрвісаў задаць свае пытанні спікеру воркшопу. А ўсяго з Магілёўскай вобласці ў праекце зарэгістраваліся вучні больш за 30 навучальных устаноў.

Тэхнічна самы вялікі ўрок у краіне будзе забяспечаны пры дапамозе прамой трансляцыі майстар-класа праз Відэасэрвіс VOKA для зарэгістраваных удзельнікаў праекта. Акрамя таго, усе зацікаўленыя навучэнцы краіны змогуць паглядзець трансляцыю абсалютна бясплатна на канале velcomYOUTH платформы VOKA.

Сацыяльна-адукацыйны праект velcom YOUTH праводзіць кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і арганізатараў канферэнцыі TEDxMinsk. Вялікая адукацыйная праграма праекта ўключае серыю майстар-класаў па фарміраванні кампетэнцый у школьнікаў у падрыхтоўцы і правядзенні прэзентацый, прамоўніцкім мастацтве, майстэрстве лідара. Адметная рыса праекта velcom YOUTH – уся камунікацыя ад падачы заяўкі да прэзентацыі праекта ў фінале будзе весціся на беларускай мове.

Майстар-класы пройдуць у кінатэатры velcom cinema сеткі Silver Screen(г. Мінск, вул. П. Мсціслаўца, 11). Спікерам, які правядзе першы вялікі ўрок, стане Дзмітрый Смірноў – спікінг-коўч TEDxMinsk, кіраўнік школы прамоўніцкага майстэрства, бізнес-трэнер, генеральны прадзюсар радыё Бі-Эй, радыёвядучы. Да ліку спікераў наступных майстар-класаў далучацца іншыя вядомыя трэнеры і прамоўцы.

На мінулым тыдні арганізацыйны камітэт падвёў вынікі збору заявак ад удзельнікаў конкурсу. Агульная геаграфія праекта ахоплівае каля 90 населеных пунктаў краіны – ад сталіцы, абласных і раённых цэнтраў да сельскіх школ і школ-інтэрнатаў. Праект velcom YOUTH стаў па-сапраўднаму агульнанацыянальным, дайшоў да самых зацікаўленых і матываваных школьнікаў.

Два наступныя майстар-класы«Мастацтва выступлення» і «Майстэрства лідара» будуць праведзены ў снежні і студзені. Серыя такіх заняткаў будзе спрыяць фарміраванню важных сацыяльных кампетэнцый у школьнікаў, так званых soft skills, а інтэрактыўны характар падачы інфармацыі падчас майстар-класаў зможа стаць выдатным напаўненнем для мерапрыемстваў у канцэпцыі шостага школьнага дня.

У аснове канцэпцыі праекта velcom YOUTH – выкарыстанне сучасных тэлекамунікацыйных каналаў для інтэрактыўнага ўзаемадзеяння са школьнікамі: менавіта з іх дапамогай старшакласнікі змогуць наведаць анлайн-варкшопы, прэзентаваць сябе і свае ідэі. Больш падрабязна прачытаць пра вынікі першага этапу і паглядзець спісы зарэгістраваных удзельнікаў конкурсу можна на сайце www.velcom-youth.by.

На трэцім конкурсным этапе з 20 студзеня па 20 лютага 2019 г. старшакласнікам неабходна будзе рэалізаваць сваю ідэю: падрыхтаваць і правесці нефармальнае адукацыйнае мерапрыемства: майстар-клас, дэбаты або дыскусію па абранай тэме свайго праекта. Відэаролік з прэзентацыяй рэалізаванага праекта і паказам яго значнасці і перспектыўнасці неабходна будзе размясціць на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках з хэштэгам #velcomYOUTH і даслаць спасылку на info@velcom-youth.by.

Аўтары самых значных, сучасных і арыгінальных праектаў трапяць у лік 10 фіналістаў. Яны наведаюць TEDxMinsk 2019 і пачнуць працаваць над прэзентацыяй сваёй ідэі з найлепшымі ментарамі. Іх выступленні пройдуць на выніковым мерапрыемстве TEDxYouth @ Minsk у маі 2019 года. Усе 10 фіналістаў атрымаюць прызы – мабільныя тэлефоны iPhone Xs, а тры пераможцы (па адным у кожным напрамку конкурсу) будуць запрошаны на мерапрыемства TEDx у Аўстрыю.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая