Рус Бел Eng 中文

Стартуе новы сезон конкурсу літаратурнай творчасці студэнтаў і школьнікаў «БрамаМар»

Стартуе новы сезон Рэспубліканскага конкурсу літаратурнай творчасці студэнтаў і школьнікаў «БрамаМар», паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі. Конкурс літаратурнай творчасці «БрамаМар» традыцыйна праводзіцца ў два этапы.

Падчас першага, завочнага, студэнты дасылаюць свае творы ў адпаведнасці з намінацыямі (проза, паэзія, крытыка, пераклад, драматургія, дзіцячая літаратура) на электронны адрас конкурсу з 1 снежня гэтага года па 28 лютага 2019-га. Да ўдзелу прымаюцца творы, якія раней нідзе не публікаваліся і не ўдзельнічалі ў іншых конкурсах. Фіналістаў вызначаць вядомыя беларускія літаратары і выкладчыкі факультэта журналістыкі БДУ. Падчас другога вочнага этапу фіналісты атрымаюць літаратурныя заданні, па выніках якіх і вызначыцца пераможца ў кожнай намінацыі.

Чарговы раз пройдзе і конкурс «БрамаМар-юні» для школьнікаў. Юныя літаратары могуць паспрабаваць свае сілы ў намінацыях «Проза» і «Паэзія», выслаўшы свае працы на электронную скрыню bramamarUni@gmail.com.

«БрамаМар» арганізуецца на факультэце журналістыкі БДУ з 2010 года. Найлепшыя творы фіналістаў-студэнтаў будуць апублікаваны на старонках часопіса «Маладосць», а школьнікаў – «Бярозкі».

Больш падрабязна з умовамі конкурсу можна азнаёміцца на сайце Міністэрства інфармацыі.

Заснавальнікамі конкурсу выступаюць Мінінфарм, факультэт журналістыкі БДУ, РВУ «Выдавецкі дом «Звязда»», рэдакцыі часопісаў «Маладосць» і «Бярозка», выдавецтва «Мастацкая літаратура». Партнёры – Нацыянальны інстытут адукацыі, выдавецтва «Беларусь», «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», «Чатыры чвэрці», «Народная асвета».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая