Рус Бел Eng 中文

Стратэгію барацьбы з жуком-караедам распрацавалі ў Краснапольскім раёне

Комплекс мер па дыягностыцы, маніторынгу, аднаўленні пашкоджаных дрэў і аднаўленні зямель, якія пацярпелі ад жука-караеда, выпрацаваны па праекце Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду «Змякчэнне негатыўнага ўздзеяння змянення клімату шляхам ліквідацыі наступстваў эпідэміі жука-караеда ў Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці», паведаміла спецыяліст па мас-медыя Беларускага экалагічнага руху Вольга Лелюкова.

«Маштабнае распаўсюджванне жука-караеда на тэрыторыі Беларусі, нягледзячы на прынятыя меры, прыносіць каласальную шкоду лясному фонду. Каб прадухіліць распаўсюджванне заражэння, лясгасы ажыццяўляюць суцэльныя санітарныя высечкі пашкоджаных дрэў. У Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці плошча суцэльных высечак у ачагах караеднага ўсыхання ўзрасла ў пяць разоў. Калі ў 2017 годзе было 9,25 га, то толькі на пачатак 2018 года плошча павялічылася да 49,6 га. Папярэдні аб’ём усыхання ў 2018 годзе па стане на красавік складае 20 га. Прагноз усыхання і правядзення выбарачных высечак –каля 300 га», – расказала Вольга Лелюкова. У сувязі з гэтым прынята рашэнне аб рэалізацыі праекта.

У якасці пілотных пляцовак выбраны тэрыторыі Краснапольскага лясгаса агульнай плошчай 45 га, якія найбольш пацярпелі ад засухі і жука-караеда. Там вясной 2019 года плануецца пасадзіць саджанцы лістоўніцы, елкі і хвоі, а восенню 2019 года замяніць непрыдатны лесаматэрыял. Па праекце будзе створаны гадавальнік для вырошчвання сеянцаў і саджанцаў змешаных лясных культур інвазіўных парод (піхта, лістоўніца, бяроза карэльская і г. д.) для ўстойлівага залясення зямель, пацярпелых ад жука-караеда. Ужо закуплена 15 кг насення змешаных лясных культур для вырошчвання 500 тыс. сеянцаў і саджанцаў.

Для комплекснага рашэння праблемы распрацоўваецца сістэма маніторынгу з выкарыстаннем квадракоптара, здольнага ў рэальным часе выяўляць заражэнне на самых ранніх стадыях, а таксама ферамонных пастак для караеда. Вялікая ўвага будзе надавацца інфармаванню грамадскасці і распаўсюджванню вопыту рэалізацыі праекта.

Плануецца, што праект паспрыяе не толькі аднаўленню пацярпелых ад жука-караеда тэрыторый, але і скарачэнню эмісій парніковых газаў, аднаўленню функцыянавання экасістэм, вяртанню дэградаваных зямель у гаспадарчы абарот з устойлівым экалагічным складнікам.

Праект рэалізуе ГА «Беларускі экалагічны рух» сумесна з Краснапольскім лясгасам пры падтрымцы Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі.

БЕЛТА
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая