Рус Бел Eng 中文

Студэнтам года ў Магілёўскай вобласці стала трэцякурсніца з БРУ Юлія Узянава

Абласны этап конкурсу «Студэнт года-2018» прайшоў на базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. За перамогу ў ім змагалася 5 студэнтаў з розных ВНУ Прыдняпроўскага краю, якія дамагліся высокіх вынікаў у вучобе і так ці інакш праявілі сябе ў творчасці.

У выніку галоўны тытул заваявала студэнтка 3 курса інжынерна-эканамічнага факультэта БРУ Юлія Узянава. Менавіта яна прадставіць Магілёўскую вобласць у рэспубліканскім фінале конкурсу, што адбудзецца ў Мінску 21 лістапада.

Сваю будучыню дзяўчына разлічвае звязаць з IT-сферай; асабліва яе цікавіць распрацоўка інтэрфейсаў, графічны і вэб-дызайн. Ужо цяпер у гэтым напрамку Юліі ёсць чым пахваліцца: яна, напрыклад, стварыла праграму-калькулятар, якая лічыць калорыі. Неўзабаве гэты дадатак, актуальны для тых, хто худнее і сочыць за сваёй вагою, будзе даступны ў мабільнай версіі.

Толькі праграмаваннем сфера захапленняў пераможцы рэгіянальнага студэнцкага конкурсу не абмяжоўваецца. Юлія Узянава займаецца валанцёрствам, выдатна спявае, удзельнічае ў спаборніцтвах прамоўніцкага майстэрства. У яе скарбонцы – вялікая колькасць узнагарод па ўсіх гэтых напрамках. І, адпаведна, вопыт выступленняў на сцэне, што не магло не ацаніць журы абласнога этапу конкурсу «Студэнт года – 2018».

Другога месца ўдастоены курсант 3 курса факультэта міліцыі Магілёўскага інстытута Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Павел Каманцаў. Ён жа прызнаны «Студэнт года Online» – за відэаролік будучага міліцыянера прагаласавала найбольшая колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў.

mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая