Рус Бел Eng 中文

Сям’я Сокал з Глуска прадставіць Магілёўскую вобласць у фінале рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года»

Фінал трэцяга рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года» адбудзецца сёння ў Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача ў Мінску. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай аховы.

За перамогу будуць змагацца сем сем’яў – пераможцаў Мінскага гарадскога і абласных этапаў. Гэта сем’і Хвясюк з Мікашэвічаў Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці, Краўчук з Віцебска, Петрушко з Калінкавічаў Гомельскай вобласці, Сідар з аграгарадка Лунна Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці, Еўтух з Нясвіжа Мінскай вобласці і Войцех з Мінска.

Магілёўскую вобласць на конкурсе прадставіць сям’я Сокал з Глуска. Галава сям’і Дзмітрый Сокал – хормайстар народнага калектыву «Спадчына», жонка Аксана – педагог. Муж і жонка выхоўваюць траіх дзяцей – дачок Дзіяну і Мілану і сына Эміля.

Удзельнікам спаборніцтва неабходна будзе прадэманстраваць гісторыю свайго роду, сямейныя звычаі і традыцыі ў рамках візітнай карткі сям’і «Радавод». Яшчэ адным выпрабаваннем стане прадстаўленне сацыяльна значнага праекта «Мая краіна – мая сям’я», які з’яўляецца прэзентацыяй актыўнай жыццёвай пазіцыі членаў сям’і, іх захапленняў, поспехаў і дасягненняў.

Сем’ям, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы, уручаць дыпломы адпаведных ступеняў і грашовыя прэміі. Пераможцам конкурсу будзе прысвоена ганаровае званне «Сям’я года».

Першы рэспубліканскі конкурс «Сям’я года» адбыўся ў 2012 годзе. Ён накіраваны на ўмацаванне інстытута сям’і, павышэнне яго ролі і прэстыжу ў жыцці грамадства як ключавога фактару дзяржаўнай дэмаграфічнай палітыкі.

Фота – Міністэрства працы і сацыяльнай аховы

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая