Сярэднявечны меч знайшлі на беразе Бярэзіны ў Бабруйску, як паведаміла старшы навуковы супрацоўнік гарадскога краязнаўчага музея Іна Аўсейчык.

«Такія мячы выкарыстоўваліся ў эпоху Высокага Сярэднявечча – з другой паловы XI па XIII стагоддзе ўключна. Іх ужо знаходзілі ў Гродне, Навагрудку. Усяго ў Рэспубліцы сем мячоў гэтага перыяду. Але ў Магілёўскай вобласці такая зброя знойдзена ўпершыню», – расказала Іна Аўсейчык.


Нягледзячы на тое, што частка клінка адсутнічае, меч добра захаваўся. «Цяпер мы змясцілі знаходку ў дыстыляваную ваду, каб пазбавіць ад лішніх соляў і налёту. Меч доўга праляжаў у зямлі, пацярпеў ад карозіі. Наша галоўная задача цяпер – яго рэстаўрацыя і кансервацыя. Пасля гэтага ў нас з’явіцца магчымасць больш дэталёва вывучыць знаходку. Нярэдка на такую зброю наносілі арнамент або таўро. Гэта дапаможа больш дакладна вызначыць дату стварэння мяча, устанавіць, каму ён мог належаць», – адзначыла Іна Аўсейчык.
Пасля ўсіх працэдур і больш стараннага даследавання артэфакт зойме месца ў пастаяннай экспазіцыі Бабруйскага краязнаўчага музея.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
13.08.2020 - 15:17
29.07.2020 - 12:46
10.07.2020 - 14:16
09.07.2020 - 15:34