Рус Бел Eng 中文

Тэатральны этап міжнароднага фестывальнага праекта «Звездочет» адбудзецца ў Магілёве 6-7 кастрычніка

Тэатральны этап міжнароднага шматжанравага фестывальнага праекта «Звездочет» адбудзецца ў Магілёве 6-7 кастрычніка. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў аргкамітэце мерапрыемства.

Найлепшых будуць вызначаць у намінацыях: «Тэатр» (спектакль музычны, драматычны, камерны; тэатр танца, лялек, ценяў), «Эксперыментальны жанр» (гумар і г.д.), «канферансье», «Блогер / журналіст», «Мастацкае слова». Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 25 верасня 2018 года.

Ацэньваць талент юных дараванняў будуць прафесійныя акцёры і прадзюсеры. У склад журы ўвайшоў акцёр кіно, кастынг-дырэктар Віктар Бойка. «Мне часта задаюць пытанні пра тое, як падрыхтавацца да кастынгу, каб атрымаць ролю. На гэта няма адназначнага адказу, аднак пастаянная праца над сабой, удасканаленне навыкаў і пошук сваёй індывідуальнасці, асабліва ў межах конкурсных умоў, заўсёды карысныя для юных талентаў. Буду рады пагутарыць з імі, упэўнены, адкрыю для сябе шмат таленавітых дзяцей», – падзяліўся чаканнямі майстар.

Праект «Звездочет» стартаваў у Магілёве ў пачатку года. Галоўная мэта спаборніцтва – стварыць платформу для прафесійнага росту і самавыяўлення юных талентаў ва ўмовах сумленнай барацьбы праз прыцягненне ў рэгіён трэндавых, сучасных формаў фестывальнага менеджменту. У аснове праекта – серыя творчых выступленняў у некалькіх жанрах. Ужо адбыліся вакальны і харэаграфічны.

«Мы шчаслівыя, што ўдаецца сабраць на магілёўскай пляцоўцы дзеючых артыстаў, спецыялістаў розных жанраў. Акцёр, кастынг-дырэктар, прадзюсер – столькі сабрана ў Віктару Бойку. Упэўнена, што для ўдзельнікаў набыты вопыт, новыя знаёмствы стануць трамплінам у далейшым творчым шляху. Бо кастынг-дырэктар бачыць артыстаў пад зусім іншым вуглом, як быццам праз прызму тэлекамеры», – падкрэсліла намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка.

Віктар Бойка вядомы як канцэртны дырэктар музычных гуртоў «Без Панікі», «Vox Mira», «Inomarki», «ЧуVство Палёту», спявачак Марыны Кары і Дзіяны Шыманоўскай. Мае багаты вопыт членства ў журы такіх фестываляў як МиФФ і Gold Fest. З 2013 года працуе ў кіно. У 2015-м скончыў курс «кінаакцёраў» у кінашколе студыі Андрэя Палупанава. Навучаўся на тэатральным курсе пад кіраваннем Мадэста Абрамава – народнага артыста Паўночнай Асеціі і Аланіі. Адзін з асноўных акцёраў кінаінтэнсіваў «хранатоп» пад кіраўніцтвам рэжысёра Андрэя Кудзіненкі. Праходзіў воркшоп «Менеджмент кінаакцёра» актрысы Алесі Грыбок, акцёрскі інтэнсіў ад амерыканскага выкладчыка Крыстафера Кааса з NYFA (Нью-Ёркская акадэмія кіно). З 2017 года – заснавальнік, дырэктар фестывалю кароткаметражнага кіно ў жанры трылер «Corn Short Film Festival». Прадзюсар кароткаметражных фільмаў «Яечня па-беларуску», «Лебедзь», якія ўдзельнічалі ў фестывалях Беларусі, Польшчы, Расіі, Італіі, Францыі, Галандыі, Ірана і Чылі. З’яўляецца кастынг-дырэктарам такіх фільмаў, як «Казановы», інтэрнэт-серыялаў «Ну такое» і «Пражэкцёры», кароткаметражных фільмаў «From a great height», «SnowCrow», «А хто там ідзе» (іх выхад на экраны плануецца у 2018/2019 гадах). На сённяшні дзень фільмаграфія акцёра налічвае 25 роляў у кіно, а таксама здымкі ў кліпах і рэкламе.

Арганізатарамі міжнароднага шматжанравага фестывальнага праекта «Звездочет» з’яўляюцца аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама, Магілёўская гарадская арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын», Магілёўская гарадская арганізацыя ГА «БРСМ», прадзюсерскі цэнтр «Звездочет». Праект мае мноства партнёраў. «Мы з некаторай доляй хвалявання чакаем новы этап праекта «Звездочет», паколькі хочам пакінуць пра фэст толькі добрыя ўражанні, нягледзячы на тое, што ён у аснове сваёй мае змест спаборніцтва. У моманты хвалявання падтрымае юныя таленты вясёлы і гарэзны Snow Max – брэнд смачных бісквітных пірожных з рознымі начынкамі: малочнай, клубнічнай, вішнёвай», заўважыў прадстаўнік афіцыйнага партнёра праекта КУВП «Віцьба» Алег Анацка.

Спампаваць палажэнне аб тэатральным конкурсе і фестывалі «Звездочет», задаць пытанні можна па спасылцы УКантакце: https://vk.com/zvezdochetfest і па тэлефонах: +375293396106; +375297474467.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая