Рус Бел Eng 中文

Тэматычныя суботнікі правядуць у Магілёве падчас месячніка па навядзенні парадку

Чатыры тэматычныя суботнікі правядуць у Магілёве падчас месячніка па навядзенні парадку. Такое даручэнне даў сёння падчас аператыўнай нарады ў гарвыканкаме яго старшыня Уладзімір Цумараў.

Мэр прапанаваў не праводзіць традыцыйны агульнагарадскі суботнік, а сканцэнтраваць увагу на канкрэтных аб’ектах і тэрыторыях, што дапаможа спрацаваць больш якасна і эфектыўна. Напрыклад, у першы тэматычны суботнік 25 жніўня ўвага будзе сканцэнтравана на добраўпарадкаванні пад’ездаў і падыходаў да навучальных устаноў, на прылеглых да іх тэрыторыях. Наступны працоўны дэсант высадзіцца ў гарадскім парку Падніколле, вялікія работы па добраўпарадкаванні трэба будзе зрабіць і па вуліцы Якубоўскага.

«У нас шмат іншых пляцовак, дзе неабходна прыкласці сумесна з працоўнымі калектывамі і гараджанамі намаганні, каб прывесці іх у парадак. Не сакрэт, што мы гэта робім у тым ліку ў рамках падрыхтоўкі да V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі (пройдзе ў Магілёве ў кастрычніку), але перш за ўсё для саміх сябе, каб зрабіць горад больш камфортным для пражывання і прывабным для гасцей і турыстаў», – падкрэсліў Уладзімір Цумараў.

Асаблівую ўвагу падчас месячніка, які стартаваў у горадзе 20 жніўня, нададуць месцам адпачынку і добраўпарадкаванню двароў, плошчаў, сквераў і паркаў. Таксама актыўна будзе весціся ліквідацыя звалак. Правераць і навядуць парадак на тэрыторыях прадпрыемстваў, сацыяльных аб’ектаў і будпляцоўках Магілёва.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая